Выказваем заклапочанасць: яшчэ адна тэорыя змовы і "нулявая талерантнасць"

Вельмі хутка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Вельмі хутка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Складана спыніць глабальнае пацяпленне. Але прыхільнікаў тэорый змовы спыніць яшчэ складаней. Пра новую тэорыю і, вядома, пра глабальнае пацяпленне раскажам у нашым рэгулярным аглядзе.

Яшчэ адна тэорыя змовы

Ну ўсё, мы стамілі Кітай тэорыямі змовы, і Кітай сказаў: ды вы самі прыдумалі гэты каранавірус! Ну, дакладней, сказаў ён гэта амерыканцам.

Афіцыйныя асобы і дзяржСМІ Кітая з сакавіка мінулага года пачалі прасоўваць версію, згодна з якой уцечка віруса адбылася з ваеннай лабараторыі ЗША. Цяпер праверыць гэтую тэорыю заклікаюць СААЗ. Для гэтага эксперты мусяць адправіцца ў навукова-даследчы інстытут інфекцыйных хвароб арміі ЗША ў штаце Мэрылэнд.

Тут трэба нагадаць, што напярэдадні Пекін адхіліў прапанову СААЗ правесці другі этап расследавання паходжання COVID-19. У межах даследавання планавалася правесці аўдыт лабараторый і рынкаў ва Ухані, першапачатковым эпіцэнтры пандэміі. Высокапастаўлены чыноўнік у Пекіне сказаў, што гэта "грэбаванне здаровым сэнсам і навукай".

Тут, вядома, трэба нагадаць, што ў першапачатковай справаздачы СААЗ быў зроблены вывад аб тым, што тэорыя лабараторных уцечак лічыцца "вельмі малаімавернай". Але некаторыя навукоўцы абвінавачваюць Кітай у "адмове ад доступу да поўных, зыходных дадзеных і ўзораў".

Кажуць, новы штам каранавіруса перадаецца хутчэй, чым "класічны" COVID-19. Але які б хуткі ён ні быў, тэорыі змовы перадаюцца яшчэ хутчэй.

Нулявая талерантнасць у адным пытанні

Амерыканская сетка навін CNN звольніла трох супрацоўнікаў за тое, што яны ўвайшлі ў офіс без вакцынацыі ад Covid, піша ВВС са спасылкай на амерыканскія СМІ. Вакцынавацца ў кампаніі павінныя журналісты, якія працуюць "у полі", прыходзяць у офіс або маюць зносіны з іншымі супрацоўнікамі.

Кіраўнік CNN Джэф Цукерэр растлумачыў: "Мы прытрымліваемся палітыкі абсалютнай нецярпімасці ў гэтым пытанні".

Магчыма, гэта будзе не адзіны выпадак звальнення. Многія буйныя кампаніі, у тым ліку Facebook і Google, заяўляюць, што іх супрацоўнікі абавязаныя будуць вакцынавацца — офісы цалкам адкрыюцца ў найбліжэйшыя месяцы.

У ЗША кампаніі на законных падставах могуць патрабаваць ад супрацоўнікаў вакцынавацца.

Не блытайце эканоміку і сацыяльную адказнасць

Борыс Джонсан вельмі расчараваў шатландцаў. Цяпер ён знаходзіцца ў гэтай частцы Брытаніі з візітам. Прыехаўшы на шатландскую ветраную электрастанцыю, Джонсан сказаў: дзякуючы закрыццю мноства шахт па ўсёй краіне ў 80-я Вялікабрытанія раней за многіх пачала адмаўляцца ад вугалю.

Гаворка вось пра што: у 80-я Нацыянальнае ўпраўленне вугальнай прамысловасці заявіла аб неабходнасці мадэрнізацыі галіны. І цягам года вырашыла звольніць 20 тысяч шахцёраў, закрыўшы 20 шахт. Была забастоўка, людзі патрабавалі магчымасці ўдзельнічаць у рашэннях, якія датычацца іх лёсаў. У выніку падзей, звязаных з забастоўкай, загінула дзесяць чалавек.

Джонсана папрасілі выбачыцца за свае словы. Закрыццё шахт у той час у Шатландыі адмаўляюцца лічыць "вялікім раннім стартам" у барацьбе са зменай клімату. Пра клімат тады ніхто не думаў. І мясцовыя супольнасці панеслі велізарныя эканамічныя страты, кажуць апаненты Джонсана. Або, кажучы словамі першага прэм'ера Шатландыі, "былі спустошаныя".

Але трэба аддаць Брытаніі належнае: цяпер менавіта да тэмы клімату там ставяцца з усёй адказнасцю. Чаму гэта важна — літаральна ў наступнай навіне.

Лясны пажар знішчае гісторыю

Невялікі горад у Каліфорніі вёў сваю гісторыю з часоў "залатой ліхаманкі". Яго заснавалі ў сярэдзіне XIX стагоддзя — для ЗША гэта даволі даўно.

Тут жыло больш за тысячу чалавек. І тут былі будынкі, старэйшыя за 100 гадоў. Агонь знішчыў горад за пару гадзін, кажуць мясцовыя жыхары.

Худзі з крапівы і лісця ананаса

А вось хто спазнаў жыццё ў эка-стылі, дык гэта брэнд адзення Pangaia. Распрацоўшчыкі стварылі новыя тканіны на аснове валокнаў бамбука, гімалайскай крапівы, эўкаліпта і марскіх водарасцяў. Яны могуць стаць альтэрнатывай бавоўне.

А што не так з бавоўнай? Ёй трэба вельмі шмат вільгаці, а для росту крапівы або водарасцяў не патрабуецца дадатковае арашэнне. І пестыцыды не патрэбныя. І ўгнаенні.

Яшчэ адна тканіна ствараецца з адходаў вытворчасці садавіны: лісця ананаса і банана. Дык яшчэ і праблему харчовых адходаў можна вырашыць. Не паліць бананавыя скуркі — гэта таксама шкодна для прыроды — а перапрацоўваць.

Ужо чаго тут больш — маркетынгу або экалагічнасці — вырашайце самі. Але ідзём у заклад, худзі з лісця ананаса ў вас яшчэ не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі