Выказваем заклапочанасць: здаецца, мы стамілі зямлю

Вельмі хутка пра галоўнае
Вельмі хутка пра галоўнае

Лясныя пажары, паводкі, выкіды парніковых газаў — сёння ў нас эка-агляд асноўных навін.

Катастрофа ў кітайскім метро — і па-за яго межамі

Увечары ў гадзіну пік сотні пасажыраў метро кітайскага горада Чжэнчжоў апынуліся ў пастцы. Мутныя патокі вады лінулі ў вагон. Людзі здымалі тое, што адбываецца на відэа, і прасілі дапамогі ў Інтэрнэце.

На кадрах відаць, як пасажыры чапляюцца за ручкі на столі, каб трымацца над усё прыбываючымі патокамі вады. Але яшчэ страшней за ваду была адсутнасць паветра.

Там, у метро, загінулі 12 чалавек. Усяго ў Кітаі ўжо загінулі прынамсі 33 чалавекі і восем прапалі без вестак. 

Гэтыя чалавечыя страты — вынік разбуральнай паводкі. Вада затапіла цэлыя кварталы, выклікала апоўзні, рэкі выйшлі з берагоў.

Сотні тысяч людзей у правінцыі Хэнань вымушаныя былі пакінуць свае дамы. Гэта адна з самых густанаселеных — і таксама адна з самых бедных правінцый Кітая.

Па ўсім свеце ўспыхнулі лясныя пажары

Расійскі Якутск — самы халодны горад у свеце. Зараз там змагаюцца з ляснымі пажарамі. І яны такія маштабныя, а вецер такі моцны, што пах гарэлага адчуваюць нават на Алясцы.

Наймагутны пажар бушуе і ў ЗША. І дым цягнецца з аднаго канца кантынента на іншы.

Змены клімату робяць пажары больш частымі — і больш інтэнсіўнымі.

Гендэрныя стэрэатыпы дасылаюць прывітанне

Шведы правялі даследаванне і высветлілі: мужчыны вінаватыя ў тым, што любяць мяса і аўтамабілі. Гэта робіць іх адказнымі за вялікія выкіды парніковых газаў.

У даследаванні разглядаліся адзінокія мужчыны і жанчыны, якія пражываюць у Швецыі. Навукоўцы ўлічылі іх выдаткі на прадукты харчавання, прадметы хатняга ўжытку, мэблю, святы і паліва для легкавых аўтамабіляў.

І вызначылі: мужчыны нават у адпачынку шкодзяць экалогіі больш, чым жанчыны, — часцей арандуюць аўто. Жанчыны ж выдаткоўваюць грошы на "тавары з нізкім узроўнем выкідаў".

Палітыкаў заклікаюць сканцэнтравацца на тым, каб менавіта мужчынам растлумачыць: паліва шкоднае для экалогіі, лепш перасесці на ровар ці цягнік.

Еўрарадыё хоча вас супакоіць. Мужчыны, вы не вінаватыя. Вінаватыя тыя, хто не далучыўся да Парыжскага пагаднення па клімаце.

Чарговы скандал у Токіа

Навін з Японіі будзе толькі больш: вось-вось стартуюць Алімпійскія гульні.

І за дзень да пачатку мерапрыемства дырэктара цырымоніі адкрыцця Алімпіяды звольнілі. Прычынай стаў жарт пра Халакост. Комік выступіў з ім у 1998 годзе.

Ён ужо прынёс прабачэнні.

"Як чалавек, які займаецца забаўляннем людзей, я не павінен выклікаць у іх непрыемныя адчуванні. Я разумею, што мой дурны выбар слоў у той час быў памылкай, і я шкадую пра гэта", — сказаў ён.

Да адкрыцця Алімпіяды застаюцца лічаныя гадзіны. Яна праходзіць ва ўмовах рэжыму надзвычайнай сітуацыі, абвешчанай у Токіа праз каранавірус. Будзем спадзявацца, што Гульні ўсё ж адкрыюцца.

Нават лісічка вакцынавалася. А ты?

У лесапарках Масквы пачалася вакцынацыя ліс і падрослых лісянятаў. Не ад каранавіруса, вядома, — ад шаленства, піша РІА "Новости".

Спецыялісты раскідваюць калабкі з мясакоснай мукі. Гэты пах падабаецца лісам. Яны з'ядаюць калабок, а ўнутры — жэлацінавы кантэйнер з вакцынай.

Увогуле, вы зразумелі: нават лісічка прышчапілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі