Вы тут

Выказваем заклапочанасць: пратэсты ў Іране, самалёт для Пуціна і чай з каралевай

Коратка пра свет / Калаж Еўрарадыё

Кожны тыдзень у свеце ўзнікае новая кропка пратэсту. Людзі выходзяць на вуліцы, таму што жыццё становіцца літаральна невыносным. На Кубе не было ежы і лекаў. Іран выйшаў на пратэст, бо не стала нават вады.

Але нам ёсць чым вас падбадзёрыць. Калі аднойчы будзеце дакараць сябе за тое, што не ўзялі ад жыцця ўсё, успомніце, як Біл Клінтан адмовіўся ад чаю з каралевай.

Іран выйшаў на пратэст

Іран сутыкнуўся з самай моцнай засухай за паўстагоддзя. Гэты крызіс закрануў усіх: хатнія гаспадаркі, сельская гаспадарка і жывёлагадоўля, — і прывёў да адключэння электраэнергіі.

І ўсё гэта справакавала акцыі пратэсту. На відэароліках, якія з'явіліся ў сацсетках, відаць, што сілы бяспекі ўжылі для разгону пратэстоўцаў слёзатачывы газ.

Як мінімум двое маладых людзей былі застрэленыя, піша СNN. Афіцыйныя асобы абвінавацілі ў гэтым узброеных пратэстоўцаў. Але актывісты заявілі ў сацыяльных сетках, што загінулыя былі забітыя сіламі бяспекі.

Паводле звестак праваабаронцаў, за два дні ў Іране прайшла як мінімум 31 акцыя пратэсту.

Спярша — знішчальнікі пятага пакалення

У маскоўскім аэрапорце "Жукоўскі" ўжо некалькі дзён паказваюць самалёты. Гэта авіясалон "МАКС", на якім збіраюцца авіятары і аматары авіяцыі. Можна паглядзець на самалёты, а можна на тое, як Уладзімір Пуцін есць марозіва.

Уладзімір Пуцін глядзіць на самалёты / тэлеграм-канал "Пул №3"

Пры чым тут Пуцін? На салоне яму паказалі новы расійскі знішчальнік Checkmate, які зацікавіў нават СNN.

Гэта адносна недарагі малапрыкметны знішчальнік, які можа скласці канкурэнцыю амерыканскаму F-35, які заняў большую частку рынку. Краіны, якія не могуць купіць амерыканскі знішчальнік, змогуць выстраіцца ў чаргу за расійскім.

Не быў бы новы лёгкі знішчальнік такім рускім, калі б не атрымаў сістэму лагістычнай падтрымкі Matreshka.

Алімпіяда 2032 пройдзе на краі зямлі

Летнія Алімпійскія гульні ў 2032 годзе прыме Брысбэн. Гэта трэці па велічыні горад Аўстраліі. Былі і іншыя кандыдаты, але яшчэ да галасавання кандыдатура аўстралійскага горада лічылася безальтэрнатыўнай.

І гэтая Алімпіяда будзе не такая дарагая, як тая, што вось-вось пачнецца ў Токіа. Таму што яшчэ ў 2019 годзе МАК вырашыў, што знізіць фінансавыя патрабаванні да краін, якія прэтэндуюць прыняць у гасцях Алімпіяду.

Як мяркуецца, Брысбэн выдаткуе на гульні ўтрая менш, чым Токіа. Але гэта будзе праз 11 гадоў.

Змагайся да канца

А пакуль у Аўстраліі 13 мільёнаў чалавек трапілі ў ізаляцыю. Там уводзяць новыя каранцінныя абмежаванні праз распаўсюджванне каранавіруса. Пры пераездзе са штата ў штат трэба праходзіць каранцін.

Змірыліся не ўсе. Адзін аўстраліец дачакаўся наступлення цемры, сплёў вяровачную лесвіцу з прасцін і ўцёк з гатэля, які зачынілі на карантын, распавядае РІА "Новости".

Ужо раніцай яго знайшлі, арыштавалі і прад'явілі абвінавачанні. Змагайся да канца. Калі толькі гаворка не ідзе пра каранцін.

Можа, чаю?

Дзякуй, нешта не хочацца. А калі прапануе каралева? Білу Клінтану ўсё роўна не хочацца!

Падчас свайго першага візіту ў Лондан у статусе прэзідэнта ЗША Клінтан адмовіўся ад чаявання з Лізаветай II. І палічыў за лепшае адправіцца за пакупкамі і перакусіць індыйскай ежай у якасці звычайнага турыста, піша CNN са спасылкай на рассакрэчаныя дакументы.

У выніку паабедалі ў Le Pont de la Tour, выдаткаваўшы 265 фунтаў стэрлінгаў (360 долараў ЗША). На абед падавалі палтуса, ласося, камбалу і труса.

Вам таксама здаецца, што Клінтану ў "Арле і Рэшцы" дасталася залатая карта, а ён выбраў сто долараў?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.