Вы тут

У Іране бушуюць пратэсты праз нястачу вады

Скрын з відэа C'est La Vie

Шэсць начэй запар у сталіцы Ірана, Тэгеране, а таксама ў правінцыі Хузестан працягваюцца антыўрадавыя мітынгі. Прычынай стала нястача вады на паўднёвым захадзе краіны, піша "Новая газета". Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі мясцовых уладаў, якія не могуць справіцца з праблемай.

Для разгону пратэстоўцаў сілавікі выкарыстоўваюць слезацечны газ. Уночы на 21 ліпеня ў партовым горадзе Махшахр у правінцыі Хузестан быў застрэлены паліцэйскі, у выніку чаго колькасць загінулых у беспарадках павялічылася як мінімум да двух чалавек: да гэтага загінуў адзін з пратэстоўцаў. Яшчэ адзін чалавек атрымаў агнястрэльнае раненне ў нагу. Улады запэўніваюць, што прычынай ахвяр сталі дзеянні "бунтаўнікоў", актывісты ж сцвярджаюць, што людзі загінулі праз страляніну, адкрытую праваахоўнікамі.

Сілавыя структуры Ірана запэўніваюць, што пратэстоўцы падпальвалі шыны, каб блакаваць дарогі, а яны пад кулямі спрабавалі разагнаць натоўп.

Таксама з'явіліся паведамленні пра збоі ў рабоце інтэрнэту. Такім чынам, лічаць дэманстранты, афіцыйныя ўлады спрабуюць перашкодзіць пратэстоўцам арганізоўвацца. Пра тое, колькі людзей выходзіць у гэтыя дні на вуліцы, не паведамляецца, але, мяркуючы па відэа ў сацыяльных сетках, гэта сотні і нават тысячы чалавек.

Па звестках дысідэнцкага інфармацыйнага агенцтва праваабаронцаў (HRANA), у панядзелак і аўторак у Іране прайшла як мінімум 31 акцыя пратэсту, уключаючы мітынгі рабочых і фермераў.

Улетку 2021 года Іран сутыкнуўся з самай моцнай засухай за апошнія 50 гадоў. За апошні год колькасць ападкаў зменшылася амаль на 50%, у выніку чаго запасы вады ў плацінах вычарпаліся. Водны крызіс закрануў хатнія гаспадаркі, сельскую гаспадарку і жывёлагадоўлю. Акрамя гэтага, краіна ўжо некалькі тыдняў сутыкаецца з сур'ёзнымі адключэннямі электраэнергіі.

На цяперашні момант з 304 гарадоў 101 знаходзіцца ў "чырвонай зоне" і адчувае вострую нястачу вады, паведамляе кіраўнік іранскай кампаніі па водазабеспячэнні.

Правінцыя Хузестан, якая мяжуе з Іракам, стала лініяй фронту ў час ірана-іракскай вайны 1980–1988 гадоў. У рэгіёне знаходзіцца каля 80% нафтавых радовішчаў Ірана і 60% запасаў прыроднага газу краіны. Мясцовыя жыхары, большасць з якіх — этнічныя арабы, даўно скардзяцца на дыскрымінацыю.

"Паколькі амаль 5 мільёнаў іранцаў у Хузестане не маюць доступу да чыстай пітной вады, Іран не паважае, не абараняе і не рэалізуе права на ваду, якое непарыўна звязана з правам на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя", — заявілі праваабаронцы Ірана.

Эканоміка Ірана часткова пацярпела праз санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненні да нафтавай галіны яшчэ Дональдам Трампам у 2018 годзе, а таксама праз пандэмію COVID-19.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.