Выказваем заклапочанасць: у нас засталося 0 гадоў, каб пачаць ратаваць прыроду

Хутка раскажам вам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Хутка раскажам вам пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

На што толькі ні ідуць актывісты, каб выратаваць Зямлю ад глабальнага пацяплення. На што толькі ні ідзе прырода, каб даказаць, што часу звярнуць на яе ўвагу застаецца зусім мала.

І на што толькі не ідуць кавід-дысідэнты, каб працягваць дысідэнцтваваць.

Мы будзем працягваць рэгулярна адрываць вас ад беларускага парадку дня навінамі з розных краін.

 

Чалавецтва, код чырвоны

Група экспертаў ААН выпусціла "рэзюмэ для палітыкаў". Гэта дакумент на 42 старонкі, у якім сярод іншага канстатуюць: да канца стагоддзя ўзровень Сусветнага акіяна можа падняцца на два метры.

Гэта першы буйны навуковы агляд змены клімату з 2013 года. Яго апублікавалі напярэдадні важнага саміту па клімаце ў брытанскім Глазга. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў гэтую справаздачу "чырвоным кодам для чалавецтва".

"Калі мы аб'яднаем сілы зараз, мы зможам прадухіліць кліматычную катастрофу. Але, як ясна паказвае сённяшняя справаздача, няма часу для прамаруджвання і няма месца для апраўданняў", — сказаў лідар ААН.

Аўтары даследавання кажуць: з 1970 года глабальныя тэмпературы раслі хутчэй, чым ва ўсякі іншы 50-гадовы перыяд за апошнія дзве тысячы гадоў.

А пакуль многія яшчэ разважаюць алімпійскімі катэгорыямі, эксперты пераходзяць на мову спорту. І кажуць: уявіце, што атмасфера падпала пад уздзеянне допінгу. Таму мы сталі часцей, чым раней, назіраць кліматычныя крайнасці.

"У нас засталося нуль гадоў, каб унікнуць небяспечнай змены клімату, таму што яна ўжо тут",сказаў CNN амерыканскі кліматолаг Майкл Э. Ман. Гэта не значыць, што трэба надзяваць футболкі "забяры мяне з сабой, Ілан Маск". Гэта значыць, што пачынаць дзейнічаць трэба проста цяпер.

 

З Грэты больш ніхто не смяецца

Грэта Тунберг магла б сказаць: ну я ж казала! Даведацца, што на самай справе сказала Грэта, можна, прачытаўшы першы выпуск часопіса Vogue Скандынавія.

Рэдакцыя назвала Грэту голасам пакалення і змясціла яе на вокладку. Унутры часопіса — інтэрв'ю з актывісткай, якая ўгаворвала сусветных лідараў задумацца пра глабальнае пацяпленне.

Калі журналіст адчыніў дзверы, каб сустрэць Грэту, міма праехалі некалькі дзяўчатак-падлеткаў. Давялося чакаць, пакуль усе яны атрымаюць жаданае сэлфі. У інтэрв'ю Грэта раскажа пра тое, як стаць голасам пакалення. А фотаздымкі можна паглядзець ужо цяпер.

Затрыманыя адміністратары тэлеграм-каналаў

Еўропа змагаецца з падробленымі QR-кодамі аб вакцынацыі. Распаўсюджваюць іх у спецыяльна створаных тэлеграм-каналах. А атрымальнікі такіх кодаў нярэдка распаўсюджваюць сам COVID.

Сярэдняя цана такога фальшывага кода — сто еўра. Сярэдні пакупнік — антыпрышчэпачнік або той, хто ўсё ж запісаўся на прышчэпку, а сертыфікат хоча проста цяпер. Чым больш абмежаванняў уводзіць Еўропа, каб стымуляваць людзей прышчапіцца і не дапусціць новай успышкі каранавіруса, тым больш актыўна працуюць адміністратары гэтых каналаў.

Падобная праблема і ў ЗША. Прычым часам падробленыя сертыфікаты аб вакцынацыі прадаюць не анлайн, а проста "з рук у рукі". Так арыштавалі аднаго з уладальнікаў бара, які за сертыфікат прасіў усяго 20 долараў. Праўда, атрымальнік сертыфіката мог прынесці ў яго ж бар не толькі грошы, але і каранавірус.

 

На Востраве свабоды стала больш свабод

На Кубе афіцыйна дазволілі адкрываць малыя і сярэднія прыватныя прадпрыемствы. Колькасць супрацоўнікаў не павінна перавышаць ста чалавек. Гэта крок у бок абнаўлення эканамічнай мадэлі.

Турызм быў важным артыкулам даходу кубінскай эканомікі — але праз пандэмію турыстаў амаль не засталося. Да таго ж не ўрадзіўся цукровы трыснёг: ад яго продажу Куба таксама атрымлівала значную частку даходаў. Амерыканскія санкцыі таксама нікуды не зніклі. Так што крызіс давялося перамагаць праз эканамічныя рэформы.

Менавіта эканамічныя праблемы Кубы шмат у чым справакавалі гэтым летам найбуйнейшыя за трыццаць гадоў антыўрадавыя хваляванні.

Яшчэ год таму ўрад заявіў, што плануе дэцэнтралізацыю дзяржкампаній і рост прыватнага сектара. Так што нельга сказаць, што гэтыя рэформы прынялі ў адказ на пратэст. Іх прынялі следам.

І гэта не адзінае паляпшэнне, якое адчулі кубінцы пасля таго, як выйшлі на вуліцы. Неўзабаве пасля акцыі ўрад абвясціў, што турысты, якія прыязджаюць на Кубу, змогуць не плаціць пошлін за ўвоз медыкаментаў і прадуктаў першай неабходнасці.

Канадзец выратаваў жанчыну, якая ўкрала ў яго сабаку

У канадца ўкралі яго любімага сабаку, трохгадовага кітайскага шарпея. Выкралі, калі ён грэўся на сонейку ў дворыку. Мужчына спрабаваў адшукаць сабаку, але знайшоў нешта большае.

Калі пасля доўгіх шуканняў ён увайшоў у дом меркаванага выкрадальніка, то ўбачыў не толькі ўкрадзенага шарпея, але і чалавека, які пакутуе ад наркотыкаў. Аказалася, што маладая дзяўчына пагадзілася выкрасці сабаку для заводчыкаў, каб дастаць 150 долараў на наркотыкі.

У ёй гаспадар шарпея пазнаў сябе — у мінулым. І прапанаваў аплаціць рэабілітацыю ад нарказалежнасці.

Калі Канада не пакутуе ад наступстваў змены клімату, там здараюцца дзівосныя навіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі