Вы тут

Выказваем заклапочанасць: сяброўства супраць Кітая, урад талібаў і касматур

Агляд сусветных навін / калаж Еўрарадыё

Усяго пяць хвілін вам спатрэбіцца для таго, каб прачытаць гэты тэкст і быць у курсе падзей у свеце.
 

ЗША+Вялікабрытанія+Аўстралія

ЗША, Аўстралія і Вялікабрытанія будуць працаваць разам, каб забяспечыць стабільнасць у Ціхаакіянскім рэгіёне. Краіны заключылі пакт — Aukus. Новае партнёрства накіраванае на садзейнічанне "бяспецы і росквіту".

Працаваць будуць па розных кірунках. Аўстраліі дапамогуць набыць атамныя падводныя лодкі: ЗША ўпершыню за паўстагоддзя падзеліцца сваімі тэхналогіямі ў гэтай сферы. Раней дзяліліся толькі з Лонданам. Краіны будуць супрацоўнічаць у кіберсферы і сферы штучнага інтэлекту.

У СМІ пішуць, што ўсё гэта накіравана на стрымліванне Кітая, але фармальна гэта зусім не сяброўства супраць кагосьці. Нават калі гэты хтосьці — Пекін.

У Пекіне так не думаюць. Амбасада Кітая ў Вашынгтоне ўжо абвінаваціла тры краіны ў "менталітэце часоў халоднай вайны" і ідэалагічных забабонах.

 

Намеснік прэм'ера знайшоўся жывым

Афганскія сацсеткі актыўна абмяркоўвалі знікненне намесніка прэм'ер-міністра Абдула Гані Барадара. Гэта важны прадстаўнік "Талібана", яго нават прарочылі на пасаду прэм'ера: менавіта Барадар летась падпісваў пагадненне з ЗША ў Досе.

А потым па Кабуле папаўзлі чуткі, быццам бы прадстаўнікі "Талібана" пасварыліся проста ў прэзідэнцкім палацы. Нібыта паўстаў канфлікт паміж фракцыямі. І пасля гэтага Барадара ніхто не бачыў.

Талібы казалі, што Барадар з'ехаў у Кандагар. Яны нават далі аўдыязапіс, на якім той казаў, што з ім усё ў парадку. Але і гэтаму не верылі: памяталі пра сітуацыю, калі талібы два гады рабілі выгляд, што адзін з іх забітых лідараў жывы, і нават рабілі заявы ад яго імя.

Гэтым разам усё на самай справе абышлося: Барадар жывы і дае тэлеінтэрв'ю. Чуткі пра сваркі ў палацы ён таксама адмаўляе.

"Дзякуй богу, сярод нас шмат дабрыні і міласэрнасці, такога, чаго няма нават у сям'і", — сказаў Барадар журналістам. І дадаў, што шматгадовыя ахвяры, якія прыносілі талібы ў сваёй барацьбе, былі зусім не дзеля ўлады або становішча.

Тым часам "Талібан" ужо сфармаваў урад. Тое, што там няма жанчын, далёка не самы ўражальны факт. Там ёсць талібы, за якіх ЗША ў свой час прапаноўвалі ўзнагароды ў мільёны долараў.

Калі няма куды ляцець, ляці ў космас

Вельмі радыкальны спосаб перажыць эпоху закрытых межаў прыдумаў Ілан Маск. Яго Space X адправіла ў космас чатырох астранаўтаў-аматараў: аднаго мільярдэра і трох "звычайных грамадзян".

Гэтыя "звычайныя грамадзяне" трапілі ў экіпаж дзякуючы сваім натхняльным гісторыям: нехта ў дзяцінстве перамог рак і пайшоў працаваць у лякарню, у якой яго аднойчы вылечылі. Хтосьці не прайшоў фінальны этап адбору ў астранаўты і заняўся мастацтвам — а цяпер зможа замаляваць Зямлю з космасу.

Чацвёрка будзе кружыць вакол Зямлі тры дні. Астранаўты падымуцца на вышыню, з якой назірае за космасам тэлескоп "Хабл".

Гэта наступная вяха ў эпоху касмічных падарожжаў: сёлета ў космас ужо зляталі мільярдэры Рычард Брэнсан і Джэф Безас. Калі патрэбныя краіны зачыненыя і ты не ведаеш, куды паляцець у адпачынак, — ляці ў космас, чаго прасцей.

 

І ўсё-ткі яны хварэюць

Жывёлы таксама пакутуюць ад каранавіруса. У амерыканскім заапарку тэсты на кавід здалі гарылы — у 18 з 20 яны аказаліся станоўчымі.

А ў Манголіі каранавірус дыягнаставалі ў баброў: жывёлы пачалі кашляць і чхаць, у іх пачаўся катар. Мы ўпэўненыя, што, калі б бабры маглі гаварыць, яны б сказалі: "А дзе тут у вас чарга на прышчэпку?".

 

Марозіва са смакам гліны

А жыхар Кейптаўна Тапіва Гужа адкрыў рэстаран марозіва, у якім можна пакаштаваць шэсцьсот розных смакаў гэтага дэсерту. Тапіва атрымаў доктарскую ступень у галіне малекулярнай біялогіі, таму і змог стварыць марозіва са смакам баабаба і нават ядомай гліны.

Мінск — гэта не Кейптаўн, але мы ўпэўненыя, што ні марозіва, ні навін пра марозіва шмат не бывае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.