Вы тут

Выказваем заклапочанасць: Місісіпі развярнулася, у Кабуле гінуць мірныя жыхары

Коратка пра навіны ў свеце / калаж Еўрарадыё

Рэкі развярнуліся назад, зоркі знікаюць бясследна, а Маргенштэрн становіцца галоўным інфлюэнсерам — не агляд сусветных навін, а чыстая, беспрасветная катастрофа.
 

Пасля світання ў Луізіяне

Гэтай раніцай жыхарам штата Луізіяна было страшна прачынацца. Калі ўзышло сонца, яны змаглі ўбачыць увесь маштаб разбурэнняў, якія прынесла з сабой Іда.

Іда — жахлівы ўраган, які развярнуў назад цячэнне ракі Місісіпі. Адзін чалавек ужо стаў ахвярай стыхіі.

Без святла сядзіць палова штата, горад Новы Арлеан абясточаны цалкам. І хоць Іда ўжо змяніла статус з "урагану" на "трапічны шторм", паводкі ўсё яшчэ пагражаюць жыццям людзей.

Жыхароў найбольш пацярпелага рэгіёна штата — акругі Лафурш — просяць пасля ўзыходу сонца заставацца дома і не адпраўляцца "на экскурсіі" па разбураных населеных пунктах. Па-першае, гэта небяспечна, па-другое, трэба даць службовым машынам час расчысціць дарогі.

Але выканаць гэтае патрабаванне няпроста: жыхары Лафурша ўсё яшчэ сядзяць без сувязі і не ведаюць, што з іх блізкімі.

 

У Афганістане па-ранейшаму дрэнна

Дзевяць чалавек з адной сям'і загінулі ў выніку ўдару амерыканскага беспілотніка. З іх — шасцёра дзяцей.

Удар быў нанесены па аўтамабілі, начыненым выбухоўкай. Але ўсё адбывалася ў жылым раёне Кабула, таму сярод ахвяр — не толькі патэнцыйны тэрарыст. Самая малодшая з загінулых — двухгадовая дзяўчынка.

"Гэта быў сямейны дом, дзе мае браты жылі са сваімі сем'ямі", — расказаў у інтэрв'ю СNN брат аднаго з забітых.

У амерыканцаў былі звесткі, што ўнутры аўтамабіля знаходзіўся тэрарыст-смяротнік. Ці планаваў ён падарваць машыну або проста выкарыстоўваў яе як транспарт, невядома.

На мінулым тыдні ў выніку выбуху тэрарыста-смяротніка ў аэрапорце Кабула загінулі 13 амерыканскіх вайскоўцаў. Амерыканскія ўлады папярэджвалі пра магчымы новы тэракт і эвакуявалі сваіх грамадзян з Кабула.

Зорныя войны ў Кітаі

Ведаеце, што атрымліваецца, калі знікае зорка? А калі зорка знікае з інтэрнэту?

У пачатку гэтага года кітайская актрыса Чжэн Шуан апынулася ў цэнтры скандалу: па словах свайго партнёра, яна адмовілася ад двух сваіх дзяцей, якіх выношвалі сурагатныя маці.

А цяпер новы скандал: фільмы і тэлешоу, у якіх яна здымалася, зніклі са стрымінгавых платформаў. Актрыса трапіла ў "чорны спіс" селебрыці, якія "дрэнна сябе паводзяць". Напярэдадні яе яшчэ і аштрафавалі за ўхіленне ад выплаты падаткаў на 46 мільёнаў долараў.

У Кітаі інтэрнэт пазбаўляюць ад "шкодных" зорак. Некаторыя селебрыці і іх фан-клубы зніклі ў лічаныя дні — ад іх літаральна нічога не засталося, нават старонкі ў сацсетках выдалілі. У кітайскім інтэрнэце вось-вось наступіць ну вельмі здаровая атмасфера.

"Чысцяць" нават фан-супольнасці. Напрыклад, хутка нельга будзе ранжыраваць знакамітасцяў і збіраць іх у рэйтынгі па папулярнасці. А адна з буйных стрымінгавых платформаў ужо заявіла, што адмовіцца ад папулярных шоу талентаў, таму што яны правакуюць "нездаровую" атмасферу.

Чаму ўрад накінуўся на селебрыці? Раней кітайская кампартыя трымалася ў асноўным на тым, што ўвесь час расла эканоміка, піша СNN. Цяпер эканамічны рост запаволіўся, старшыня Сі паабяцаў "усеагульны росквіт" і пераразмеркаванне багаццяў. Сярод тых, хто можа падзяліцца, — высокааплатныя знакамітасці і бізнес-магнаты.

Завоблачныя даходы некаторых знакамітасцяў — напамін пра розніцу ў даходах, якая расце ў краіне. Так, напрыклад, Чжэн заплацілі больш за 24 мільёны долараў за два з паловай месяцы здымак у рамантычнай драме. Сярэдняя дзённая заработная плата склала больш за 300 тысяч долараў.

Пры тым што летась кітайскаму прэм'еру давялося даць справаздачу: больш за 600 мільёнаў кітайцаў ледзьве зарабляюць 140 долараў у месяц.

 

О часы!

І яшчэ крыху пра чужых селебрыці. Тут кампанія Romir вывучыла густы расійскай моладзі. І высветліла, што на першым месцы сярод інфлюэнсераў у расіян ад 14 да 21 года — Маргенштэрн. А на другім — Ягор Крыд.

Тут трэба заўважыць, што старэйшыя расіяне нічога пра гэта не чулі, у іх у топах — Хабенскі. З дзесяці інфлюэнсераў, якіх назвала моладзь, больш-менш высокім рэйтынгам у дарослых расіян можа пахваліцца Гарык Харламаў. Ён увайшоў у трэцюю дзясятку "дарослага рэйтынгу".

А хто з беларускіх інфлюэнсераў у вас у топе?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.