Вы тут

Выказваем заклапочанасць: афганкі пайшлі ва ўніверсітэт, Джыл Байдэн — на працу

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Адна аўстралійская качка не вытрымала і пачала лаяцца па-англійску проста пасярод сажалкі. Але гэта не значыць, што ў свеце ўсё настолькі дрэнна.
 

Рэформа адукацыі па-талібску

У некаторых афганскіх універсітэтах пачаліся заняткі. Гэта першыя лекцыі з моманту прыходу талібаў. І цяпер афганскіх студэнтаў ад афганскіх студэнтак аддзяляе фіранка. Хлопцаў і дзяўчат і раней за адну парту не саджалі, але цяпер мяжа стала бачнай.

Талібы цяпер кантралююць Міністэрства адукацыі. Саюз універсітэтаў Афганістана прапанаваў план, як арганізаваць навучанне па новых правілах. Талібы ўхвалілі.

Такім чынам, згодна з планам у корпус навучальных устаноў мужчыны і жанчыны павінны трапляць праз розныя дзверы. Унутры класаў — тая самая фіранка, якая аддзеліць студэнтаў ад студэнтак. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі колькасць дзяўчат у класе менш за 15. Калі больш, яны павінны навучацца асобна.

Новыя класы ў прыватных універсітэтах першапачаткова павінны фармавацца так, каб мужчыны і жанчыны навучаліся асобна.

У прапанове таксама гаворыцца, што ў будучыні ўніверсітэты павінны паспрабаваць наняць для навучання студэнтак выключна выкладчыц-жанчын.
 

Шчыльны графік першай лэдзі

Быць першай лэдзі — гэта не праца, вырашыла Джыл Байдэн і пайшла працаваць.

Яна выкладала ў муніцыпальным каледжы ў Паўночнай Вірджыніі з 2009 года і цяпер вернецца туды на поўны працоўны дзень. І гэта першы выпадак, калі першая лэдзі працуе на стаўку за межамі Белага дома.

Джыл Байдэн такім чынам выконвае сваё ўласнае "перадвыбарнае абяцанне". Пра тое, што працягне выкладаць, нават калі муж стане прэзідэнтам, яна заявіла яшчэ ў 2020 годзе.

"Я хачу, каб людзі шанавалі настаўнікаў, ведалі іх уклад, я хачу прасоўваць прафесію", — сказала Джыл Байдэн. І зрабіла.

Джасціна Трудо закідалі каменьчыкамі

Так, таго самага канадскага прэм'ера ў крутых шкарпэтках. Прэм'ер прадэманстраваў вытрымку. Ён параўнаў гэты інцыдэнт з тым, як у 2016 годзе жанчына кінула ў яго гарбузікі.

У Канадзе цяпер ідзе перадвыбарчая кампанія. Яе ініцыяваў у сярэдзіне жніўня сам Трудо, разлічваючы, што яго Ліберальная партыя атрымае большасць ва ўрадзе. Але і тут у справу ўмяшаўся COVID.

Трудо сутыкнуўся з дэманстрацыямі супраць вакцынацыі і іншых антыкаранавірусных мер.

Што ж так не падабаецца пратэстоўцам? Ідэя прышчапіць усіх дзяржслужбоўцаў да канца кастрычніка. У выпадку адмовы яны могуць страціць працу. Прышчапіцца павінны таксама пасажыры камерцыйных авіярэйсаў і цягнікоў, якія курсуюць паміж канадскімі правінцыямі — калі, вядома, яны хочуць працягнуць падарожнічаць.

Што мы ведалі пра Трудо раней? Што ён любіць крутыя шкарпэткі. Асабліва грамадскасці палюбіліся яго ярка-сінія шкарпэтачкі з качачкамі.

Што мы ведаем цяпер? Што ён заўзяты змагар з COVID. Джасцін, калі табе кідаюць камяні ў спіну, значыць, ты наперадзе. Прынамсі, па паказчыках вакцынацыі.

І гэта, дарэчы, праўда. У Канадзе гэты паказчык адзін з самых высокіх у свеце.
 

Не вучыце качак дрэннаму

Даследчыкі прааналізавалі аўдыязапіс з выказваннямі мускуснай качкі з Аўстраліі. І высветлілі: бясспрэчна, качка гаварыла па-англійску. Калі б проста гаварыла: качка лаялася!

Даследчыкі лічаць, што яна проста паўтарала фразу, якую неаднаразова чула. Дарэчы, калі б качкі на шкарпэтках Джасціна Трудо маглі гаварыць, яны б сёння сказалі тое самае.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.