Вы тут

Выказваем заклапочанасць: адкуль дзьме Барэй Джонсан і калі Макрон даруе Байдэну

Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Жыццё трэба пражыць так, каб не пасаромецца прапанаваць назваць сваім імем вецер. Гэта жыццёвая навука і іншыя сусветныя навіны — у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Паўночны вецер Барэй Джонсан

Свету трэба пасталець, сказаў Барыс Джонсан з трыбуны ААН, і зусім хутка ён чакае сусветных лідараў на кліматычны саміт у Шатландыі. Спыніць глабальнае пацяпленне ўжо не выйдзе, але ўсё яшчэ можна яго стрымаць.

"Часткамі нашага розуму мы ўсё яшчэ чапляемся за інфантыльную веру ў тое, што свет створаны для нашага задавальнення",гаворыць Джонсан.

Ён папракнуў людзей верай у тое, што беспарадак, які мы навялі, прыбярэ нехта іншы, бо заўсёды гэта рабіў нехта іншы.

Джонсан мае права вось так адчытваць свет: Брытанія вырабляе шмат "зялёнай" энергіі.

"Мы вырабляем столькі энергіі дзякуючы ветру, што я нават думаў змяніць сваё імя ў гонар бога паўночнага ветру і стаць Барэем Джонсанам",сказаў Джонсан.

Захочаце назваць сваім імем вецер — будзьце як Джонсан. Ну ці хоць бы смецце падзяляйце.

 

Нам трэба пагаварыць

А ЗША і Францыя зразумелі, што "нехта іншы" іх не памірыць — і, здаецца, гатовыя мірыцца. Джо Байдэн і Эмануэль Макрон паўгадзіны размаўлялі па тэлефоне, а хутка сустрэнуцца асабіста — у Еўропе.

Раскол у адносіны хаўруснікаў унёс пакт АУКУС, які пазбавіў Францыю здзелкі з Аўстраліяй на будаўніцтва падлодак. Цана пытання — 37 млрд долараў. Гэта больш за палову ВУП Беларусі. Парыж, да таго ж, даведаўся пра свае страты толькі за некалькі гадзін да публічнага абвяшчэння пра АУКУС.

Але, здаецца, ЗША і Францыі ўдаецца прымірыцца. Прынамсі, адкліканы для кансультацый французскі амбасадар вернецца ў Вашынгтон. А вось ці вернецца ў Канберу амбасадар Аўстраліі, пакуль незразумела. Прынамсі, з Елісейскага палаца ў Аўстралію не тэлефанавалі.

Але прэм'ер Аўстраліі раней казаў: ён упэўнены, што так ці інакш усё наладзіцца.

Дамы становяцца попелам

А лава, якая ліецца з вулкана на іспанскім востраве Ла Пальма, пашкодзіла ўжо сотні дамоў, заліла басейны. Вулкан пачаў вывяргацца ў нядзелю, і жыхары вострава ўцякаюць, каб не ўставаць яму на дарозе.

Уцячы ад вулкана нескладана: распаленая маса рухаецца няхутка, цяпер яна запаволілася да 170 метраў за гадзіну. А вось забраць з сабой усё, што стварыў за гады жыцця на востраве, нашмат складаней, і людзі плачуць, калі здалёк назіраюць, як іх дамы ператвараюцца ў попел.

Іспанскія ўлады абяцаюць дапамагчы аднавіць пацярпелыя тэрыторыі. Шкоду ўжо ацанілі ў 400 млн еўра.

Ёсць яшчэ адна праблема: калі распаленая вулканічная маса дасягне акіяна, можа здарыцца выбух з выкідам шкодных газаў.

 

Вельмі дзіўныя наступствы COVID

Ператварыцца з брунеткі ў бландзінку і наадварот даўно не было так складана. У адным з салонаў Вялікабрытаніі ўвялі абавязковы тэст на адчувальнасць да рэагентаў. І не ўсе тыя, хто перахварэў на COVID-19, яго праходзяць.

Брытанскія цырульнікі ў розных частках краіны паведамляюць, што ў кліентаў, якія перанеслі каранавірус, з'явіліся новыя алергічныя рэакцыі на фарбу для валасоў — сып і апёкі.

Навукоўцы ўжо даследуюць, як хвароба перапраграмуе нашу імунную сістэму. А пакуль арганізацыя, якая прадстаўляе ў краіне інтарэсы цырульнікаў і касметолагаў, папярэджвае сваіх сябраў: калі не хочаце, каб на вас падалі ў суд, лепш рабіце тэст на адчувальнасць.

 

Калі вы апошні раз былі ў кіно?

Мы тут адчайна пакутавалі праз тое, што каранавірус для многіх зачыніў дзверы кінатэатраў і тэатраў. Самы час даведацца, што днямі жыхары Самалі прыйшлі ў кіно ўпершыню за трыццаць гадоў.

Мясцовы тэатр — падарунак Маа Цзэдуна, яго пабудавалі кітайскія інжынеры ў 1967 годзе. А ў 1991-м, калі пачалася грамадзянская вайна, тут перасталі даваць канцэрты і круціць кіно. Спярша тэатр быў базай для камандзіраў, якія біліся за сталіцу. У 2012 годзе тут правялі рамонт — і будынак тут жа падарвалі баевікі, якія палічылі паказы забаўляльных праграм і фільмаў амаральнымі.

Цяпер мясцовым жыхарам паказалі два кароткаметражныя фільмы самалійскага рэжысёра. Меры бяспекі былі вельмі сур'ёзныя, і ўсё ж мясцовыя жыхары маглі адчуць, што патроху вяртаюцца да нармальнага жыцця. Або адчайна спрабуюць гэта зрабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.