"Выдаём візы нават туркам": Кіпр не падтрымае прапановы пра візавы бан

Прапанову ўвесці забарону на выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам Расіі і Беларусі могуць высунуць на абмеркаванне пад канец жніўня / pixabay, фота ілюстрацыйнае
Прапанову ўвесці забарону на выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам Расіі і Беларусі могуць высунуць на абмеркаванне пад канец жніўня / pixabay, фота ілюстрацыйнае

Кіпр выступае супраць магчымай забароны на выдачу віз грамадзянам Расіі, заявіў у суботу сакратар МЗС краіны Карнэліос Карнэліу, піша кіпрыёцкае выданне Cyprus Mail. Мусібыць, гэта дакранаецца і беларусаў, над якімі таксама навісла пагроза бана.

Меркавана прапанову ўвесці візавы бан могуць высунуць краіны Балтыі на нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў у Празе 30-31 жніўня.

“Мы не верым, што такое рашэнне будзе мець нейкую карысць. Мы выдаём візы нават грамадзянам Турцыі, таму што верым у кантакты паміж людзьмі”, — сказаў Карнэліу.

Растлумачым — Кіпр не прызнае акупацыі Турцыяй часткі яго тэрыторыі. З 1974 года каля 40% выспы на поўначы краіны належаць Турцыі.

“Апроч таго, на Кіпры і ў іншых краінах ЕС ёсць таксама руская грамада, і такой мерай мы б пазбавілі кантактаў гэтых расіянаў з іх сем'ямі і сябрамі”, — дадае службовец.

Як ён кажа, такой жа пазіцыі прытрымліваюцца Германія і Грэцыя.

Карнэліу таксама расказаў пра падвышаную цікавасць да Кіпра з боку расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх бізнесоўцаў, галоўным чынам з ІТ-сектара. Яны разглядаюць магчымасць перанесці свой бізнес на Кіпр. У гэтым зацікаўлены не толькі ўласна беларускія і расійскія кампаніі, але і замежныя кампаніі, якія грунтуюцца ў гэтых краінах.

У кіпрыёцкім МЗС таксама пацвердзілі, што сочаць за выкананнем рашэння ЕС пра санкцыі, прынятыя супраць Расіі. Калі ўзнікаюць пытанні — праводзяць дадатковыя праверкі кампаніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі