“Выбіла два пралёты”: ва Ушачах ласіха зламала агароджу каля будынка міліцыі

“Выбіла два пралёты”: ва Ушачах ласіха зламала агароджу каля будынка міліцыі

Ва Ушачах Віцебскай вобласці ласіха прыйшла ў цэнтр горада і зламала агароджу ў парку. У ноч на 24 траўня жывёла трапіла на камеру відэаназірання на будынку мясцовай міліцыі, які знаходзіцца побач. За два крокі ад парку знаходзіцца Ушацкая дзіцячая школа мастацтва. Там Еўрарадыё распавялі, як паводзіла сябе жывёла ў горадзе.

“З аднаго боку жывёла, калі заскоквала, паклала агароджу, а з іншага — калі выскоквала, — паведамілі ў школе. — Камера на будынку міліцыі зафіксавала. Відаць, з рэчкі ішла. На агароджы шэрсць засталася, зачапілася. Добра, што больш нічога не закранула. А то недалёка стаянка аўтамабільная”.

Ва Ушацкай ЖКГ Еўрарадыё распавялі, што рамантаваць агароджу пачнуць 28 траўня.

“Гэта ласіха была, — дадаюць камунальнікі. — На камеры відаць. Хацела прайсці і ўперлася ў агароджу. Выбіла два пралёты. Кажуць, што яшчэ ў школьным двары градкі патаптала. Цэглу, метал замовілі, будзем мяняць гэта ўсё. Да 1 чэрвеня, калі ўсё добра будзе, павінны адрамантаваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі