Вярхоўны суд не змяніў прысуд па справе аб забойстве Таццяны Слонімскай

Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без зменаў прысуд Мінскага абласнога суда па справе аб забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай. Прысуд уступіў у законную сілу, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, у ліпені 2014 года Мінскі абласны суд прызнаў Яўгена Куліка вінаватым адразу па некалькіх артыкулах — "замах на забойства", "крадзеж", "забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю" ды іншых. Суд пастанавіў канфіскаваць усю маёмасць Куліка. Яго пасобнік Мікалай Лотыш атрымаў 7 гадоў зняволення з прымусовым лячэннем ад алкагалізму.

Нагадаем, у ліпені 2013-га ў лесе ў Мінскім раёне была забітая мінчанка Таццяна Слонімская. Яна збірала ягады якраз у тым месцы, дзе два зламыснікі — Кулік і Лотыш — хавалі нарабаванае ды прывезлі чарговую партыю. Калі жанчына падышла да свайго аўтамабіля "Мазда", Кулік нанёс ёй 14 удараў нажом. Слонімская памерла на месцы, яе цела закапалі ў лесе. Аўтамабіль забітай зламыснікі прадалі ў Маскве.

Яўген Кулік прасіў суд замяніць яму пажыццёвае зняволенне 25 гадамі пазбаўлення волі. Пракурор прасіў суд перагледзець справу і адмяніць раней прызначаны прысуд Лотышу, прызнаць яго саўдзельнікам у забойстве і накіраваць справу на новы разгляд. Па яго словах, ён ніяк не перашкаджаў здзяйсненню злачынства і нават садзейнічаў яму. Аднак Вярхоўны суд пакінуў усё, як ёсць.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі