Вялікабрытанія хоча пазбавіць грошай польскіх дзяцей

У Вялікабрытаніі не сціхае дыскусія наконт мігрантаў. Прэм’ер-міністр краіны Дэвід Кэмеран у інтэрв’ю BBC распавёў аб жаданні змяніць законы, каб не плаціць дапамогу на дзяцей прыезджых працаўнікоў, калі дзеці жывуць за мяжой. На думку палітыка, часта брытанскай сацыяльнай сістэмай злоўжываюць палякі.

“Калі паляк з’яўляецца брытанскім падаткаплацельшчыкам, то хіба ён мае права на прывілеі? Інакш, вяртайцеся, суайчыннікі”, — так адрэагаваў у сваім Твітары кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі.

Прэм’ер-міністру Польшчы Дональду Туску выказванне брытанскага калегі таксама не спадабалася. Падчас прэс-канферэнцыі ён распавёў аб запланаванай тэлефоннай размове з Дэвідам Кэмеранам, падчас якой Дональд Туск чакае “тлумачэнняў”.

Дональд Туск: “Ніхто не забараняе брытанскаму ўраду ўводзіць уласныя сацыяльныя законы для грамадзян краіны, але ніколі не будуць прымальнымі законы, якія стыгматызуюць нейкую нацыянальную групу, у дадзеным выпадку палякаў”.

Паводле статыстыкі, Лондан выплачвае дапамогу 40 тысячам дзяцей мігрантаў, якія жывуць за межамі Вялікабрытаніі. З іх 25 тысяч — дзеці палякаў. Брытанскія кансерватары лічаць, што на “чужых” дзецях можна зэканоміць 37 мільёнаў фунтаў у год. Цікава, што The Economist нядаўна прыйшоў да супрацьлеглай высновы: дзякуючы мігрантам брытанская гаспадарка расце, а не губляе. Таму “Gazeta Wyborcza” тлумачыць выпады ў бок палякаў не эканамічнымі прычынамі, а жаданнем палітыкаў падладзіцца пад настроі выбаршчыкаў:

“З апытання вынікае, што 77% брытанцаў хацела б зменшыць колькасць імігрантаў, сярод якіх 56% — “значна”. Гэта вышэйшы паказчык у гісторыі, бо ў 1995-м рашучых праціўнікаў іміграцыі было 39%. Чаму атакуюць менавіта палякаў? Гэта не першы такі выступ Кэмерана. У лістападзе на старонках “Financial Times” ён сцвярджаў, што адкрыццё рынку працы ЕС у 2004-м годзе было манументальнай памылкай”.

Нагадаем, напярэдадні Новага года некаторыя брытанцы пачалі са страхам рыхтавацца да масавай хвалі мігрантаў з Румыніі і Балгарыі, якія з 1-га студзеня могуць без абмежаванняў працаваць ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Daily Mail паведамляе пра "забітых" на дзесяць дзён наперад аўтобусах з Бухарэста і Сафіі да Брытаніі. Што праўда, іншыя СМІ не заўважылі вялікай плыні гастарбайтараў з Балкан.

Фота: premier.gov.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі