Вячорка і кіраўніца "Інфапоінту" пракаментавалі сітуацыю з агентам у "ЧКБ"

Агент ГУБАЗіКа Артур Гайко / "Белсат"
Агент ГУБАЗіКа Артур Гайко / "Белсат"

Агент ГУБАЗіКа мог бачыць асабістыя звесткі беларускіх інфарматараў "Чорнай кнігі Беларусі" і сеткі "Інфапоінт". Гэта прызнала дырэктар медыясеткі Саша Раманава ў каментары zerkalo.io.

Як распавядала Еўрарадыё, наярэдадні былая рэдактарка "ЧКБ" Яніна Сазановіч выступіла з адкрытым лістом да Франака Вячоркі. Яна абвінаваціла яго ў замоўчванні сітуацыі з выкрытым агентам ГУБАЗіКа Артурам Гайко, які дзевяць месяцаў дзейнічаў у "ЧКБ" і атрымаў доступ да ўсёй інфармацыі.

Вячорка ў сацсетках напісаў. што разумее крык душы Яніны, але не мае ніякага дачынення да "ЧКБ".

"Я не маю дачынення да ЧКБ, не маю дачынення да гэтага чалавека і яго з'яўлення. Я ўжо казаў раней, што ў Інфапойнце не ўплываю і не прымаю рашэнні. На планёрках рэдакцый быў адзін раз, дзе расказваў пра палітычныя пазіцыі Офісу. Тлумачыць сытуацыю павінны самі ўдзельнікі ЧКБ і Інфапойнту", — піша Вячорка.

Дырэктарка "Інфапоінту" Саша Раманава пацвердзіла, што супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко працаваў у праекце "Чорная кніга Беларусі" з кастрычніка 2020 года. Выкрылі яго ў траўні 2021-га іншыя супрацоўнікі. Па словах Раманавай, агенцтва Infopoint Media Network было зарэгістравана пазней, у чэрвені 2021 года, але да таго існаваў аднайменны тэлеграм-чат, у якім былі ўдзельнікі шэрагу праектаў.

"У чаце было некалькі дзясяткаў чалавек: актывісты, блогеры, рэдактары, журналісты, экспэрты. У чат быў уключаны і персанаж, які, як было выяўлена ўдзельнікамі праекта, аказаўся агентам спецслужбаў", — прызнае Раманава.

Яна заяўляе, што Гайко не кіраваў службай бяспекі "Інфапоінту", а "займаўся рэдагаваннем кантэнту" для ЧКБ. Пры гэтым агент ГУБАЗіКа меў доступ да асабістых звестак інфарматараў.

"Мы апыталі супрацоўнікаў праекта і выявілі, што агент мог бачыць асабістыя звесткі карыстальнікаў Telegram (нікнэйм і нумар тэлефона, калі ён не быў схаваны), якія дасылалі інфармацыю ў бот. Актывісты прасілі людзей выкарыстоўваць ананімныя акаўнты і VPN, але не ўсе карыстальнікі бота, на жаль, гэта рабілі. Гэтыя людзі маглі пацярпець. Дакладная іх колькасць невядомая, бо мы разумеем, што звычайная практыка беларускіх спецслужбаў заключаецца ў выкарыстанні выдуманых абвінавачванняў, у тым ліку і абвінавачванняў у перадачы інфармацыі ў ЧКБ. А ў якасці доказнай базы выкарыстоўваюцца атрыманыя пад катаваннямі і ціскам прызнанні", — кажа Раманава.

Яна дадае, што супрацоўнік, які правяраў Гайко пры прыёме на працу, быў адхілены з 19 кастрычніка 2022 года. Гэта значыць, праз паўтара года пасля выкрыцця агента спецслужбаў і толькі пасля таго, як скандал усплыў у СМІ. Гаворка ідзе пра Данііла Багдановіча, чыё імя агучыла ў сваіх прэтэнзіях Яніна Сазановіч.

"Інфапоінт" працягвае займацца журналісцкімі расследаваннямі. Па словах Раманавай, агенцтва зрабіла высновы з гісторыі і цяпер больш асцярожна падыходзіць да набору супрацоўнікаў.

Яна папрасіла не высвятляць далей імёны датычных людзей і дэталі сітуацыі, каб не "дапамагаць спецслужбам і прапагандыстам". Яна нагадала пра важнасць правілаў бяспекі ў інтэрнэце, заклікала не выкарыстоўваць сапраўдныя імёны пры рэгістрацыі ў Telegram, чысціць чаты, выкарыстоўваць двухфактарную аўтэнтыфікацыю.

Раманава ад імя "Інфапоінту" прынесла прабачэнні ўсім, хто мог пацярпець.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі