Войны ў Вікіпедыі: як змяняюцца старонкі беларускіх "кандыдатаў у кандыдаты"?

Сардэчна запрашаем у Вікіпедыю!

Чым лепшая ў кандыдата ў прэзідэнты біяграфія, тым больш у яго шанцаў заваяваць давер у электарату. А дзе ж яшчэ даведацца паднаготную, як не на незалежным рэсурсе — Вікіпедыі, дзе любы ахвотны можа змяніць інфармацыю ў артыкуле, і біяграфіі "кандыдатаў у кандыдаты" — не выключэнне.

Ад моманту стварэння артыкула біяграфіі патэнцыйных кандыдатаў абрастаюць падрабязнасцямі, якія часцяком непажаданыя для тых, хто плануе заняць прэзідэнцкае крэсла. Мы прааналізавалі, хто і як рэдагуе інфармацыю пра вылучэнцаў, чые біяграфіі размешчаны ў Вікіпедыі, і вось што ў нас атрымалася.

 

Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка пра гэта, магчыма, не ведае, але з Вікіпедыяй у яго няпростыя адносіны. У канцы 2016 года артыкул пра яго быў выдалены як такі, што не мае значнасці. Новы быў створаны толькі 26 траўня 2020 года — і рэдактары Вікі ўжо патрабуюць яе выдалення!

"Цяперашняя спроба вылучыцца ў прэзідэнты РБ значнасці сама па сабе не дае", — піша адзін.

"Выдаленне артыкула, прысвечанага Бабарыку, — нейкі палітычны ангаж", — спрачаецца іншы.

Пакуль што артыкул на месцы.

 

Скрыншот з Вікіпедыі

Сам артыкул пра былога банкіра напісаны ў хвалебным бравурным тоне. Ён і найлепшы кіраўнік 2016 года, і топ-менеджар 2018 года. Падрабязна распісана, у якім тэмпе ініцыятыўная група Бабарыкі збірае подпісы.

Некаторыя праўкі не адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, са спасылкай на Deutsche Welle сказана, што пасля інтэрнэт-батлаў, дзе Бабарыка з адрывам займаў першае месца, беларускім медыя забаранілі праводзіць анлайн-апытанні. Але на DW нічога такога не напісана. Гэта не дадае энцыклапедычнай каштоўнасці артыкулу пра Віктара Бабарыку.

 

Валерый Цапкала

У кандыдата-дыпламата біяграфія ў Вікіпедыі куды больш насычаная. Адпаведна, і рэзанансных правак больш. Народныя карэктары чысцяць біяграфію ў такіх раздзелах, як, напрыклад, "Абвінавачанні ў ціску на СМІ". Пры гэтым рэдактары абвінавачваюць адзін аднаго ў прадузятасці, ангажаванасці і выкарыстанні недакладных крыніц.

— Вандалы і боты спрабуюць неправамерна выдаліць важны інфармацыйны раздзел, каб дагадзіць палітычнай прыхамаці сваіх царкоў! — абураецца адзін.

— Выдалена залішняя канкрэтыка і высмактаная з пальца інфармацыя, — холадна канстатуе другі.

Паводле інфармацыі з розных крыніц, у пачатку дзевяностых Цапкала з'яўляўся членам ліберальна-патрыятычнай партыі "Адраджэнне", якая раней называлася "Расійскім народным фронтам", якая ставіла сваёй мэтай аднаўленне Савецкага Саюза ў межах 1945 года. Інфармацыю пра гэта на старонцы ў Вікіпедыі хтосьці таксама паспрабаваў прыбраць.

 

Інфармацыю пра тое, што Цапкала ў 2016 годзе, знаходзячыся на пасадзе дырэктара Парка высокіх тэхналогій, быў незадаволены публікацыямі IT-партала Dev.by, які "прапагандаваў эміграцыю" айцішнікаў, таксама хацелі прыбраць. Гэта яўна работа прыхільнікаў прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Вайна не на жарт ідзе і праз "хвалебны раздзел пра ПВТ".

Аляксандр Лукашэнка

З пачатку траўня ў старонкі Аляксандра Лукашэнкі 50 рэдагаванняў. Сярод правак — традыцыйнае змяненне назвы з "Беларусіі" на "Беларусь", замена слова "гей" на "гомасексуаліст", карэктаванне даты нараджэння. Характэрна, што ў версію ад 4 чэрвеня ў шапку артыкула дададзена фраза "У беларускім і рускамоўным грамадствах мае мянушку "Бацька".

На старонку да Лукашэнкі час ад часу заходзяць жартаўнікі. Сур'ёзным людзям часам даводзіцца адкочваць назад праўкі тыпу "Пазней у Вярхоўным Савеце Беларусі была сфармавана фракцыя "Камуністы за дэмакратыю і сасіскі", адным з лідараў якой стаў Лукашэнка".

Гарачыя спрэчкі распачаліся вакол таго, ці варта пакідаць у артыкуле інфармацыю пра "яўрэйскія карані" Лукашэнкі:

— Мы не сцвярджаем, што ў Лукашэнкі яўрэйскія карані. Мы сцвярджаем, што Лукашэнка ў 2015 годзе сказаў, што ў яго на 40% яўрэйскія карані. Гэты факт даказаны АІ, тое, што адбылося, мела месца. Тут пытанне можа ставіцца толькі пра тое, ці значны гэты факт у тым кантэксце, у якім ён згадваецца, а не пра тое, ці верагодныя яго словы. Я лічу, што факт значны і цікавы, а магчымае яўрэйскае паходжанне Лукашэнкі, як і любое іншае, не лічу колькі-небудзь "адчувальнай" інфармацыяй, тым больш такой, што яе ні ў якім кантэксце нельга згадваць, — лічыць карыстальнік SkorP.

 

Ганна Канапацкая

Дзейнасць Ганны Канапацкай распісана з любоўю і вельмі падрабязна. Больш падрабязна, чым прадугледжвае фармат энцыклапедычнага артыкула.

— 14 верасня дала першае вялікае інтэрв'ю найбуйнейшаму беларускаму інфармацыйна-сэрвіснаму інтэрнэт-парталу TUT.by, 24 кастрычніка правяла першы прыём грамадзян у адным з ЖЭУ, размешчаным на тэрыторыі выбарчай акругі, 29 лістапада на чарговым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў галасавала супраць праекта закона... Несумненна, вельмі важная інфармацыя для энцыклапедычнага артыкула, — іранізуе ўдзельнік абмеркавання пад нікам Kitikov.

Але, як той казаў, сам сябе не пахваліш — ніхто не пахваліць.

 

Скрыншот з Вікіпедыі

— Цяпер вялікая частка артыкула напісана не па нармальных самавітых аўтарытэтных не навінавых другасных крыніцах, а з апорай на акаўнты ў сацыяльных сетках гэтай паненкі. Вікіпедыя — гэта не люстэрка яе "Фэйсбука", і яна не закліканая адлюстроўваць усе генераваныя гэтай персонай інфанагоды. Праз два тыдні пачну чыстку, — з пагрозай піша рэдактар lluvatar.

Сяргей Ціханоўскі

У Вікіпедыі няма старонкі пра "кандыдата ў кандыдаты" Святлану Ціханоўскую. Затое 22 траўня хтосьці загрузіў туды аб'ёмную біяграфію яе мужа і па сумяшчальніцтве начальніка штаба Сяргея Ціханоўскага. Зразумелая рэч, адразу ж з'явіліся ахвотныя выдаліць яе.

Артыкул пра Ціханоўскага запаўняецца ў рэжыме рэальнага часу: вось абставіны затрыманняў, вось інфармацыя пра ператрусы, вось следчыя збіраюцца прад'явіць абвінавачанне, вось абвясцілі, што прад'явяць 9 чэрвеня, вось нарэшце прад'явілі. Усё гэта зусім не падобна да энцыклапедыі. Але ўвагай рэдактараў Вікіпедыі артыкул не карыстаецца. Дарэчнасць яго зместу наогул ніхто не абмяркоўвае. Выглядае на тое, што ютуб-блогер ім не вельмі цікавы — у адрозненне ад Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

 

Юрый Губарэвіч

"Заведзена справа" ў Вікіпедыі і на палітыка Юрыя Губарэвіча. Яго старонку таксама хочуць выдаліць праз адсутнасць значнасці. А таксама праз неадпаведнасць паняццю "палітык".

Аднак ёсць і тыя, хто адстойвае права Юрыя Губарэвіча існаваць у Вікі.

"Фактычна ў РБ забаронены незалежныя сацапытанні грамадскай думкі, а афіцыйным звесткам на выбарах, пачынаючы з 2000 года, тым больш давяраць нельга. На дзяржТБ і дзяржСМІ апазіцыянераў не пускаюць, таму складана фармальна даказваць значнасць гэтага палітыка ў РБ. Але значнасць безумоўна ёсць", — кажа нейкі ананім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.