ВНУ: Усё падаражала ў разы, а адукацыя — толькі на 20%

“Нам ужо не хапала, каб плаціць заробак выкладчыкам. Трымаліся толькі за кошт замежных студэнтаў. Той узровень коштаў, які мы падымаем, гэта толькі на рост заробку. А камунальныя плацяжы выраслі ў разы, і гэтага не ўлічваюць”, — тлумачаць Еўрарадыё у Віцебскім медыцынскім універсітэце. Кошты тут падняліся раўнютка на 20%.

Самы дарагі — стаматалагічны факультэт — цяпер каштуе больш за 2 тысячы долараў на год. І гэтага яшчэ недастаткова!

Раней вучоба на стаматалагічным каштавала на 500 баксаў менш, а ўлетку 2012 толькі 12 мільёнаў рублёў.

Галоўная ВНУ краіны — БДУ — кошты пакуль не мяняла. Самы дарагі факультэт — Міжнародныя адносіны — каштуе першакурснікам 1700 долараў. Але і тут кажуць, што падаражання на 20% не хопіць.

“Мы будзем падымаць на 20%, не больш. Але не зусім гэтага хапае — упрытык”, — скардзяцца ў БДУ.

Калі ўявіць такое падаражанне, то год вучобы на Міжнародных адносінах будзе каштаваць ужо дзве тысячы. А яшчэ год таму плаціць трэба было крыху менш за тысячу.

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт падымае планку да 1700 долараў. Праўда, наконт росту коштаў у адміністрацыі гэтай ВНУ пакуль не гавораць. А год таму, да летняга падаражання, вучоба тут каштавала толькі 6 мільёнаў рублёў.

Правучыцца год на “дызайне” ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце цяпер будзе каштаваць 1700 долараў.

Дзяржава мала фінансуе вышэйшую адукацыю, адразу кажа эксперт, сябра грамадскага камітэта па ўваходжанні Беларусі ў Балонскі працэс Уладзімір Дунаеў.

Уладзімір Дунаеў: “Дзяржава не выконвае свае абавязкі па фінансаванні адукацыі. Вызначалася планка ў 10% ВУП. У лепшым выпадку было толькі 6%. А апошнія 10 гадоў усё менш. За пяць гадоў фінансаванне вышэйшай адукацыі скарацілася ў два разы з 1,5% да 0,7%. Фінансаванне аднаго студэнта ў год — 1,9 тысячы долараў”.

Нагадаем, Міністэрства адукацыі дазволіла ўніверсітэтам падняць кошт на навучанне не больш чым на 20%. Апошні раз навучанне ў ВНУ даражэла ўлетку 2012 года. Тады кошты ў некаторых універах узляцелі на 61%.

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прагназаваў падаражанне на 8-10% у студзені. Але тады кошты не выраслі.

Алімпіяднікі ідуць у БДУ на міжнароднікаў, каб… з’ехаць за мяжу

Фота: rian.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі