Латушка заклікае Сабаленка паспрыяць вызваленню палітвязняў

Павел Латушка

Павел Латушка / Еўрарадыё

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка публічна звярнуўся да тэнісісткі Арыны Сабаленка праз сваю старонку ў Фэйсбуку. Ён заклікае яе выкарыстаць свой сацыяльны капітал для вызвалення палітвязняў.

Латушка піша, што хацеў скантактавацца з першай ракеткай свету, каб перадаць пасланне асабіста. Але зрабіць гэта не атрымалася, таму ён вырашыў выступіць публічна.

Палітык заяўляе, што не прымае Арыну Сабаленка, хаця яна і дасягнула вяршыняў у тэнісе. 

"Але я не прымаю яе, як і многія беларусы — дастаткова, напрыклад, паглядзець на колькасць дызлайкаў пад артыкуламі пра яе ў "Зеркале". І лічу важным данесці чаму: яна адмаўляецца прызнаваць той кашмар, які адбываецца ў краіне, не асуджае агрэсію супраць суседняй краіны.

Яна як тытулаваная сусветная спартоўка можа звярнуцца да Лукашэнкі і сказаць: "Вызваліце ўсіх жанчын-палітзняволеных, якія сядзяць у турмах".

Арына, табе ж за гэта нічога не будзе. Ты можаш гэта зрабіць. Зрабі гэта. І беларусы цябе ацэняць", — піша Латушка.

На мінулым тыдні часопіс TIME выйшаў з партрэтам Арыны Сабаленка на першай старонцы вокладкі. Яна стала першай беларускай, чый партрэт з'явіўся ў выданні. Аднак у інтэрв'ю для часопіса Сабаленка адмовілася абмяркоўваць тэму Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.