ВНУ: Студэнтаў-замежнікаў з кожным годам больш на 15-17%

“Тэхналагічны ўніверсітэт у нас, сюды выпадковыя людзі не ідуць. Зараз у нас 350 замежнікаў вучацца. Але “крытычнасць” — гэта да нас не адносіцца”, — расказваюць Еўрарадыё ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Кожны год тут бяруць на 15-17% больш замежнікаў.

Каб іншаземныя студэнты маглі здаваць экзамены, тут ёсць платныя курсы па прадметах і нават электронныя канспекты ў бібліятэцы: на рускай і англійскіх мовах. На кітайскай, праўда, няма…

А пасля вучобы некаторыя замежнікі застаюцца ў Беларусі, але працуюць… не па спецыяльнасці:

“Яны застаюцца працаваць, але не па спецыяльнасці. Вось, у нас студэнт з Кітая, скончыў эканамічны факультэт, пасля магістратуру, а зараз працуе ў кітайскай фірме ў Мінску, перакладчыкам. Ёсць выпускнік з Ірану, які таксама працуе ў будаўнічай кампаніі”, — тлумачаць у БДТУ, але дадаюць, што большасць усё ж вяртаецца дадому.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт рыхтуе 1300 спецыялістаў-замежнікаў. І гэта “нічога не вырашае” ў агульнай масе беларускіх студэнтаў. То бок, месцы ў беларусаў не забіраюць, упэўненыя ў гэтай ВНУ.

“Выкладчыкі на іспытах ім задаюць больш канкрэтныя пытанні. Яны год у нас вывучаюць рускую мову. Канешне, ёсць праблемы, але стараюцца. 95% з іх з’язджаюць, але некаторыя, хто жаніўся, тут застаюцца”, — расказваюць, як вучаць замежнікаў у БНТУ.

Агулам тут навучаецца 35 тысяч студэнтаў. 18 тысяч — на дзённым аддзяленні.

У Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі — 500 замежнікаў. Палова — магістранты і аспіранты.

“Вучыцца замежны аспірант у нас, плаціць 4 тысячы долараў за год. Гэта ж рэнтабельнае навучанне!” — падлічваюць у БДУІРы. Кожны год тут “нарошчваюць” некалькі дзясяткаў студэнтаў-замежнікаў. Разбаўляюць 16,5 тысяч беларусаў, якія тут навучаюцца.

І амаль усіх адпраўляюць пасля вучобы назад, дадому.

“Некаторыя ўніверсітэты па навучанні замежных студэнтаў ужо набралі свой максімум. Ім трэба ці то павялічваць свой жылы фонд і выкладчыцкі склад, ці то не набіраць больш, чым яны набіраюць цяпер”, — рэкамендуюць у Міністэрстве адукацыі.

Абсалютная большасць замежных студэнтаў у Беларусі — туркмены: іх больш за 6 тысяч чалавек. Кітайскія студэнты — на трэцім месцы: 1146 чалавек, паведамляе Белстат.

Фота: skcgi.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі