Вы тут

Віталя Рымашэўскага аштрафавалі на $430 за шэсце пасля парламенцкіх выбараў

17 кастрычніка аднаго з лідараў незарэгістраванай у Беларусі партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага асудзілі за ўдзел у апазіцыйным шэсці, што праходзіла ў Мінску на наступны дзень пасля парламенцкіх выбараў. Суд Ленінскага раёна Мінска аштрафаваў палітыка на 40 базавых велічыняў (840 рублёў ці $436).

Выклік у суд стаў для Рымашэўскага нечаканасцю. Напярэдадні сустаршыня БХД заявіў, што ніводнага пратакола на тэрыторыі Ленінскага раёна на яго складзена не было. "Таму, напэўна, толькі з выраку суду можна будзе даведацца пра прычыны”, заявіў палітык.

У судзе палітык даведаўся, што 12 верасня прымаў удзел у апазіцыйным шэсці супраць вынікаў парламенцкіх выбараў. Рымашэўскі заявіў, што ў акцыі не ўдзельнічаў, а на акцыю прыйшоў, каб пагаварыць са знаёмымі актывістамі. Але міліцыянты, якія прысутнічалі ў судзе, засведчылі, што ён крычаў "Жыве Беларусь!".

Яшчэ адным доказам удзелу сустаршыні БХД у акцыі стаў фотаздымак, зроблены падчас шэсця 12 верасня. На ім Рымашэўскі стаіць у атачэнні некалькіх асобаў. І хаця па фатаграфіі немагчыма было сказаць, ці сапраўды Рымашэўскі нешта крычаў, суду доказаў падалося дастаткова, каб прызнаць яго вінаватым і выпісаць штраф.