VIP-ы таксама здавалі “тэст на беларускасць”

“Тэст на беларускасць” зрабіў сапраўдны выбух у Байнэце: за двое сутак яго прайшлі амаль тысяча чалавек. Сярод іх былі асобы, шырока вядомыя як у “віртуальнай”, так і ў “рэальнай” Беларусі: можна згадаць для прыкладу імёны Адама Глобуса ці Яўгена Ліпковіча. Сваё веданне беларушчыны праверыў палітолаг Уладзімір Мацкевіч: ён набраў толькі 35 балаў. “Я вельмі слабы ў спорце, таму на гэтыя пытанні нават не адказваў, здаецца. Хаця, напэўна, мог бы адказаць наконт Пунтуса, — патлумачыў ён. — Крыху падзабыўся я школьную праграму, таму прыпісаў Купалавы творы Коласу. Прэм’ер-міністра Навіцкага не ўзгадаў…”

Не пазбег спакусы паспрабаваць свае сілы ў тэсце і вядомы ў беларускім сегменце ЖЖ расійскамоўны блогер Яўген Ліпковіч: “Набраў (сорамна сказаць) крыху менш за 20. Але гэта звязана з граматычнымі памылкамі”. Самі пытанні Ліпковічу спадабаліся, асабліва — пра штурм Пазьняком будынку Міністэрства ўнутраных справаў: “А кепскіх пытанняў не бывае”.

А вось Адам Глобус, як кажа, тэст да канца не прайшоў: “Я націснуў кнопку “Адправіць вынікі”, а там нешта яшчэ трэба было націснуць… Не атрымалася”. Тэст падаўся пісьменніку лёгкім, правінцыйным і нешырокім па дыяпазоне ўзнятых тэмаў: “Зашмат палітыкі, мала гісторыі. Зусім няма мастацтва. Літаратура — на ўзроўні школьнай праграмы. Музыка ўся — вакол Лявона Вольскага. Ён, канечне, харошы хлопец, але яго аднаго мала… Я б не рабіў тэст такім доўгім, бо яго не хочацца праходзіць яшчэ раз”.

Глобус застаецца верным сваёй рэпутацыі: ягонае меркаванне амаль дыяметральна супрацьлеглае большасці выказванняў у ЖЖ. Ахвотныя могуць зазірнуць на старонкі livejournal.com, каб пераканацца ў скаргах на складанасць тэсту…

Але, напрыклад, Яўген Ліпковіч не бачыць прычынаў для засмучэння — ён лічыць, што такія тэсты патрэбныя: “Яны паляпшаюць настрой — нават з неважнецкімі вынікамі”.

У чым прычына шалёнай папулярнасці “Тэсту на беларускасць”? Відаць, у тым, што ён змушае задумацца пра сваё месца ў Беларусі. Згадаць, што нашая краіна не намі пачалася і не намі скончыцца. І хаця веды аднаго чалавека пра Беларусь не могуць быць вычарпальнымі, гэта зусім не нагода для таго, каб іх не пашыраць. Кагосьці, як Ліпковіча, гэты тэст вяртае да ўспамінаў пра свой род: “Пасля тэсту прыгадаў — мая сваячка, стоадсоткавая беларуска, свабодна размаўляла на ідыш”.

Уладзімір Мацкевіч асноўнай вартасцю тэсту лічыць акурат тое, што тэст прымушае задумацца над тым, як няпроста быць беларусам: “Там ёсць у парадах такая фраза “Цяпер варта праверыць, ці змогуць гэта зрабіць вашыя сябры. Кіньце ім гэтую спасылку: хай ведаюць, як гэта няпроста — ведаць сваю краіну”. Думаю, гэта вельмі важна — зразумець, што беларускасць не даецца аўтаматычна”.

Для кагосьці гэтае веданне становіцца вельмі балючым адкрыццём. Нездарма некаторыя вядомыя асобы, якія прайшлі тэст, адмовіліся нам адказваць на пытанні…

Фота — www.fotogalery.boom.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі