Вінаватага ў смяротным ДТЗ у Гомелі асудзілі на 8 гадоў калоніі

Пасля ДТЗ віноўнік аварыі паспрабаваў спаліць сваё аўто / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Жыхару Гомеля прысудзілі 8 гадоў калоніі за смяротнае ДТЗ, у якім загінуў веласіпедыст.

У момант ДТЗ кіроўца быў п'яны. У той дзень ён пасварыўся з жонкай, сеў за руль і з'ехаў. Пры гэтым па горадзе ён рухаўся з хуткасцю не менш за 157 км/ч, выявіла следства. Фігурант кажа, што бачыў веласіпедыста, які прама на ровары перасякаў дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Ён думаў, што зможа яго аб'ехаць, але ў выніку зачапіў. Мужчына зваліўся і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы ДТЗ. Але на гэтым гісторыя не скончылася. Фігурант "патэлефанаваў жонцы, пад'ехаў і аддаў ёй усе рэчы з машыны. Затым адагнаў аўтамабіль за горад у кукурузнае поле і падпаліў", распавялі ў пракуратуры Гомельскай вобласці.

На судзе мужчына прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме. Фігуранту 26 гадоў. Ён таксама павінен будзе выплаціць жонцы загінулага веласіпедыста 10 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку, адзначылі ў пракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.