Вільню назвалі "зялёнай сталіцай Еўропы"

Вільня

Вільня / delfi.lt

Вільню назвалі "зялёнай сталіцай Еўропы". Адбылося гэта ў Таліне ў фінале прэміі Green Capital Awards, заснаванай Еўрапейскай камісіяй. Канкурэнтамі Вільні былі партугальскі Гімарайнш і аўстрыйскі Грац, паведамляе Delfi.

"Гэтая прэстыжная ўзнагарода — важная ацэнка для нашага горада і пацвярджэнне таго, што мы ідзем у правільным кірунку, — гаварыў на цырымоніі ўручэння ўзнагароды "Зялёная сталіца Еўропы" мэр Вільні Валдас Бенкунскас. — Мы імкнемся да таго, каб да 2030 года Вільня стала цалкам кліматычна нейтральным горадам. З кожным годам мы ўдзяляем усё больш увагі развіццю біяразнастайнасці, змякчэнню ўздзеяння клімату, больш устойлівай мабільнасці і больш эфектыўнаму кіраванню жыццём горада. Бачанне развіцця нашага горада — заставацца адкрытымі, інавацыйнымі і не баяцца эксперыментаў".

А яшчэ першараднае значэнне будзе надавацца энергетычнай незалежнасці горада. "Мы павінны дамагчыся, каб горад выкарыстоўваў аднаўляльныя крыніцы энергіі і не залежаў ад выкапнёвага паліва", — сказаў Бенкунскас.

Тытул "Зялёная сталіца" — гэта прэстыжная ўзнагарода і міжнародная ацэнка гарадам, якія ствараюць больш спрыяльнае асяроддзе як для прыроды, так і для жыхароў. Еўракамісія арганізуе яе выбары з 2008 года. Пры ацэнцы гарадоў улічваюцца якасць паветра, якасць вады, апрацоўка адходаў, развіццё цыркулярнай эканомікі, узровень шуму, заахвочванне біяразнастайнасці і адаптацыя да змены клімату. Рашэнне аб тым, хто стане зялёнай сталіцай, прымае камісія незалежных экспертаў.

У апошнія гады ў Вільню пераехалі з РБ каля 40 тысяч беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі