Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты

Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты

Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта было заяўлена 14 ліпеня на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына зачытала нейкі дакумент (відаць, з КДК), спаслалася на неадлюстраваныя ў дэкларацыі незаконныя даходы, якія Бабарыка атрымліваў падчас "злачыннай дзейнасці", кіруючы "арганізаванай злачыннай групай" (сотні тысяч долараў ды іншае). Яна тэзісна агучыла інфармацыю следства, якая рэгулярна гучыць па дзяржаўных тэлеканалах. Пры гэтым віна Віктара Бабарыкі яшчэ не прызнана судом! На гэта звярнуў увагу юрыст штабу Бабарыкі Максім Знак. Таксама Ярмошына заявіла, што палітык выкарыстаў "незаконную замежную дапамогу" — гэта пра Белгазпрамбанк і яго супрацоўнікаў.

"Мы давяраем органам, якія вядуць гэтае расследаванне", — сказала старшыня ЦВК. Галасаванне было аднагалосным.

Прычына адмовы — "неадпаведнасць дэкларацыі аб даходах і дапамога замежных дзяржаў і арганізацый у фінансаванні кампаніі".

Подпісаў для рэгістрацыі было дастаткова.

Бабарыка — экс-банкір, з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца па некалькіх артыкулах КК. Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітвязнем.

Відэатрансляцыю з пасяджэння ЦВК можна пабачыць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі