Вы тут

Віктар Пракапеня: у перамовах з беларускай уладай кампрамісу быць не можа

Віктар Пракапеня / svaboda.org

Чарговым госцем "Інтэлектуальнага клуба" Святланы Алексіевіч стаў вядомы IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня

Падчас свайго выступу Пракапеня закрануў і пытанні адносінаў з уладай. IT-бізнэсовец прызнаўся, што не разумее гэтай сістэмы і не ўяўляе кампраміс з уладай.

"Што такое кампраміс? Кампраміс — гэта перамовы. І ў перамовах заўсёды сіла пазіцыі кожнага боку вызначаецца альтэрнатыўным варыянтам. У перамовах з уладай, на жаль (так ужо ўладкавана беларускае грамадства), альтэрнатыўнай пазіцыі ў цябе няма. Ніякага кампрамісу тут няма і быць не можа. Ты можаш пэўным чынам размаўляць, дамаўляцца, пераконваць, чаму гэта важна, тлумачыць карысьць для грамадства. Але кампраміс, каб ты пайшоў на кампраміс, у нечым саступіў, дзе? Тым больш з уладай. Не разумею", — цытуе Радыё "Свабода" словы Пракапені.

Таксама ён распавёў, як ставіцца да нацыянальнай ідэалогіі. Пры гэтым IT-бізнэсовец згадаў, як яго запрашалі на Еўрарадыё праграму Змітра Лукашука і Максіма Гарунова "Ідэя X"

"Усе гэтыя ідэалогіі — прадукт мінуўшчыны, прадукт дэфіцыту інфармацыі. Сёння ёсць ідэі, ёсць каштоўнасці, але паняцця "ідэалогія" няма. У ХХІ стагоддзі абмяркоўваць адну адзіную ідэалогію, у якую будзе верыць кожны беларус, — гэта немагчыма", — упэўнены Пракапеня.

Ён лічыць, што беларусаў абʼядноўваюць агульныя каштоўнасці і культура, а не ідэалогія.