Віктар Каліна: На Данбасе я не толькі фатаграфуюся са зброяй...

Беларускі артыст Віктар Каліна пабываў на тэрыторыях, занятых прарасійскімі апалчэнцамі-сепаратыстамі. Мяркуючы па апублікаваных 5-га студзеня фота, спявак даў у Данецкай вобласці некалькі канцэртаў, пакланіўся магілам загінулых, а таксама сфатаграфаваўся ў ваеннай уніформе з аўтаматам і пісталетам, наведзеным на надпіс "Смерць бандэрлогам".

Звязваемся з Віктарам Калінам і цікавімся, ці ваюе ён на Данбасе.

"У першую чаргу я там бываю з гуманітаркай, якую мы збіраем з сябрамі за асабістыя ахвяраванні. Вядома, даю канцэрты. Далей усё цягне на тэрмін ад 3 да 7. Апусцім, — тлумачыць выканаўца. — Чаму дзівіцца? Я заўсёды быў з тымі, хто ў пагонах не зладзейскіх, а армейскіх. Мне заўсёды былі блізкія браты са зброяй у руках. Мяне паважаюць і падтрымліваюць у многіх элітных падраздзяленнях Расіі. Я не толькі фатаграфуюся са зброяй... Будзем лічыць, ішлі здымкі новага патрыятычнага кліпа. А зброя — з кінастудыі. Асуджэння не баюся. Маё сэрца з тымі, хто абараняе свой свет і сваю зямлю".

"Першыя асобы Наваросіі мне назвалі колькасць загінулых з абодвух бакоў — каля 50 000"

Данецкую і Луганскую вобласці, якія на ўсіх афіцыйных картах у любой краіне свету — украінскія, Віктар Каліна такімі не лічыць. Шансанье упэўнены, што і цяперашняя ўкраінская армія — гэта ў асноўным неанацысты. І на іх ускладае адказнасць за вялізныя страты, пра якія даведаўся, як кажуць, з першых вуснаў.

"У размовах па душах з першымі асобамі Наваросіі мне назвалі колькасць загінулых з абодвух бакоў — каля 50 000, — прызнаецца выканаўца. — Пад сцягі Наваросіі таксама зачасаліся канкрэтныя нягоднікі. Іх ліквідуюць без шанцаў рэабілітавацца. Па законе ваеннага часу. Але ў асноўным апалчэнцы чыстыя адкрытыя людзі, бязбашанныя ваяры. Яны нашы, з нашага свету".

"Парэчанкава стаў паважаць у сто разоў больш"

Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што з-за апублікавання фатарграфій вас будуць крытыкаваць, як і Міхаіла Парэчанкава, які страляў у бок ўкраінскіх вайскоўцаў.

Віктар Каліна: Парэчанкава пасля гэтага я стаў паважаць у сто разоў больш. Я размаўляў і меў зносіны з тымі, хто яму гэты аўтамат даваў. Гэта адбылося па-за зонай, якая суседнічала з укропамі. Парэчанкава асудзілі і за каску "Прэса". Але ж ім байцы апекаваліся. Баяліся шальной кулі.

Еўрарадыё: А магілы, якім вы пакланяецеся на фота, гэта кадры з вашага кліпа ці вы ведалі гэтых людзей?

Віктар Каліна: Вышыню Саўр-Магілы трымаў амаль батальён апалчэнцаў. Укропы сцягнулі 3000 чалавек, 200 адзінак тэхнікі. Загад быў адступіць. 20 байцоў адмовіліся падпарадкоўвацца загаду. Некалькі дзён трымалі вышыню пад шквалам агню "Градаў", "Смерчаў", гармат. Двойчы хлопцы выклікалі агонь на сябе, і іх малацілі свае з "Градаў". Шасцёра выжылі. Магілы астатніх прама там. Ім я і пакланіўся. Я бачыў герояў, я з імі кантактую і жыву. Над маёй сядзібай два сцягі — Расіі і Данецкай народнай рэспублікі. З наступнай камандзіроўкі прывязу сцяг Наваросіі.

"Беларусь — гэта таксама частка "рускага міру""

Жыве Віктар Каліна ў Маскве. На Смаленшчыне ён пабудаваў аграсядзібу "Калінава даліна". Згаданыя сцягі там і знаходзяцца. Стоп! Цікавімся, ці маецца над "Калінавай далінай" сцяг Рэспублік Беларусь і ці лічыць артыст нашу краіну незалежнай.

"Я беларус! Ганаруся гэтым. Грамадзянства за 20 гадоў так і не памяняў. І мяняць не буду, — запэўнівае Віктар Каліна. — Проста флагшток адзін. Вось вясной пастаўлю другі і вывешу сцяг Беларусі. Асобна, і на метр вышэй за расійскі. Гэта ж беларускі падворак! Пра незалежнасць прамаўчу. Важна — ад каго незалежным быць. Еўропа — гэта марыянетка Амерыкі. Усё, што адбылося ва Украіне, і як здрадзіла Януку Еўропа, увойдзе ў аналы... сусветнай палітыкі. Раней я верыў у еўрапейскія каштоўнасці. Але сёння я за "рускі мір". Беларусь гэта таксама частка "рускага міру", у нас адзін лёс, мы славяне".

Еўрарадыё: А вы не баіцеся, што ў Беларусі вам пасля апублікавання фота прад'явяць прэтэнзіі?

Віктар Каліна: Баялка зламалася ўжо. Я не ўваходжу ў шэрагах наймітаў. Я не страляю ў байцоў і наймітаў Украіны. Мой дзед быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада, бабуля была медычкай у гэтым атрадзе. Маю родную вёску Баравіно Мінскай вобласці спалілі карнікі. Там згарэў мой прадзед. Хатынь палілі у тым ліку бандэраўцы... Рана пра гэта забыліся тыя, хто цісне руку фашыстам. Я савок! Мяне выхаваў СССР у лепшых патрыятычных традыцыях. Шкуру ў 47 гадоў мяняць позна, як і пераабувацца.

"Я неўязны ва Украіну. З сяброў выдалілася 2000 чалавек "

Зразумелая справа, што ехаць з канцэртамі ва Украіну Віктар Каліна нават не збіраецца.

"Са мной разарвала адносіны кампанія, якая прадстаўляе мяне там. Ва Украіне я страціў 10-15 канцэртаў на год, — падлічвае шкоду спявак. — З сяброў у сацсетках ад мяне сышлі больш за 2000 чалавек (усяго ў афіцыйнай групе Каліны на сайце vk.com каля 14 тысяч чалавек, — Еўрарадыё). Але гэтыя месцы занялі прыхільнікі з Расіі і "рускага міру". Я ведаю, што я неўязны ва Украіну. Я не супраць гэтай краіны і гэтай вялікай у мінулым дзяржавы. Я супраць тых, хто зладзіў пераварот і звергнуў законнага Прэзідэнта незаконнымі метадамі. Цяпер, баючыся за сваю шкуру, яны забіваюць тысячамі мірных людзей, сеючы страх вакол. Я бунтар, таму я супраць любых рэвалюцый. Народ, яго свядомасць павінна дарасці да перамен, тады і рэвалюцыі не патрэбныя".

Еўрарадыё: Застаецца спытаць пра вашы творчыя планы.

Віктар Каліна: Мой новы альбом будзе лірычна-патрыятычнага кірунку. Спадзяюся, ён выйдзе восенню гэтага года. У Беларусі я самы касавы артыст. За год у мяне да 90 сольнікаў. На канцэртах у Мінску заўсёды аншлаг.

P.S. 6-га лютага спявак выступіць у маскоўскай карчме "Бутырка". А ўжо 16-га ўдастоіць візіта Асіповічы. Праграму "Ты высшая" Віктар Каліна ў лютым-сакавіку плануе паказаць больш чым у 20 беларускіх гарадах. Сярод іх Узда, Шклоў, Краснаполле і многія іншыя. Падобна на тое, увагі да гэтых гастроляў будзе прыкавана больш, чым звычайна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі