Вы тут

Віцебскія энергетыкі аднаўляюць падачу святла ў 82 населеныя пункты вобласці

Віцебскія энергетыкі змагаюцца з наступствамі стыхіі / facebook.com/vitebskenergo

Энергетыкі Віцебскай вобласці з 29 снежня працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, паведамляе "Віцебскэнерга". 

Перад Новым годам стыхія абрынулася на ўсход Віцебскай вобласці, пакінуўшы без святла некалькі соцень населеных пунктаў — пераважна вёсці і пасёлкі. Ад стыхіі найбольш пацярпелі Віцебскі, Аршанскі, Гарадоцкі і Лёзненскі раёны. Як адзначаюць энергетыкі, да вечара 31 снежня падачу электрычнасці ўдалося аднавіць у больш як 600 населеных пунктаў. Астатнія адключэнні былі выпраўленыя 1 студзеня.

Аднак 2 і 3 студзеня ў некаторых раёнах прайшоў моцны мокры снег з завеяй.  Пад яго цяжарам падалі дрэвы, ірваліся драты электраперадачы. Праблемы з электрычнасцю ўзніклі ў Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім, Расонскім і Полацкім раёнах. 

Над выпраўленнем пашкоджанняў працуюць не толькі віцебскія энергетыкі, але і іх калегі з РУП "Гроднаэнерга" і РУП "Мінскэнерга", якія прыбылі на дапамогу.

Па стане на 12:00 гадзін 4 студзеня без свята заставаліся яшчэ 82 населеныя пункты Віцебскай вобласці. Пераважна гэта ранішнія адключэнні сённяшняга дня. Над ліквідацыяй наступстваў стыхіі працуюць 34 брыгады ў складзе 97 чалавек і 33 адзінак тэхнікі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.