Віцебская міліцыя напярэдадні выбараў набывае незвычайныя кайданкі
35 пар канвойных вывадных кайданкоў каштуюць 4550 рублёў. Пастаўка партыі мусіць адбыцца да 20 ліпеня.
Напярэдадні выбараў віцебская міліцыя закупляе партыю незвычайных кайданкоў. 35 пар каштуюць аж 4550 рублёў. У дакументах тэндара кайданкі названыя канвойнымі і вываднымі.
Іх адрозненне ад тых, якія звычайна ўваходзяць у амуніцыю патрульных міліцыянтаў, у тым, што бранзалеты ў іх мусяць быць злучаныя параўнальна доўгім ланцугом. У выпадку віцебскай міліцыі ланцуг мусіць быць даўжынёй ад 40 да 50 см, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Падобныя кайданкі звычайны чалавек мог бачыць у фільмах пра гандаль рабамі. Таксама такія ўжываюцца падчас БДСМ-гульняў.
Закупку праводзіць Упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Аплачвацца яна будзе за кошт бюджэта. Пастаўка мусіць адбыцца да 20 ліпеня — менш за тры тыдні да прэзідэнцкіх выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.