Вы тут

Віцебскага палітвязня Малахоўскага, хворага на рак, трымаюць на ланцугу

Уладзімір Малахоўскі на судзе / vitebskspring.org

У віцебскім СІЗА амаль паўгода сядзіць хворы на рак палітвязень Уладзімір Малахоўскі. 25 траўня абласны суд будзе разглядаць яго скаргу на рашэнне суда Першамайскага раёну, які прызнаў Малахоўскага вінаватым у гвалце супраць міліцыянтаў і асудзіў на тры з паловай гады калоніі, піша "Віцебская вясна".

Малахоўскага затрымалі ў Віцебску 13 верасня 2020 года падчас разгону мірнага шэсця. Пры затрыманні яго моцна збілі і зламалі палец. На яго пачалі крымінальную справу паводле арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС). За кратамі мужчыну пратрымалі шэсць дзён, пасля чаго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Незадоўга да суда, у студзені 2021-га, яго зноў узялі пад варту. 

На судзе віцяблянін расказаў, што ні з кім не біўся і не супраціўляўся. Але калі на яго напалі некалькі міліцыянтаў, ён ухапіўся за кагосьці рукамі, каб не паваліцца. У аўтазаку ў яго знайшлі газавы балончык, які міліцыянт адразу забраў і выпадкова націснуў. Калі пырснуў газ, міліцыянт закрычаў, што яго хочуць атруціць. 

Малахоўскі не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што доказы фальсіфікаваныя. Суддзя Таццяна Родзіна прысудзіла яму тры з паловай гады калоніі.

Жонка палітвязня змагла атрымаць спатканне, пакуль муж сядзіць у СІЗА, пяць разоў. Пабачанае яе агаломшыла

"Ён на ланцугу там! Кажа, артыкул такі. Сядзіць у кайданках на ланцугу і са мной праз трубку размаўляе. На ланцугу, разумееце? І ў кайданках. Увогуле, гэта як? Як быццам ён уцячы можа кудысьці!" — абураецца Ірына.

Па просьбе жонкі Малахоўскага вазілі ў анкалагічны цэнтр на агляд. Ён напісаў жонцы, што і да дактароў яго вадзілі таксама на ланцугу.

Ірына Малахоўская кажа, што неўзабаве мужа мусяць накіраваць на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (МРЭК). Яна мяркуе, што яму хочуць перагледзець групу інваліднасці і пазбавіць пенсіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.