Венгрыя хоча пабудаваць на мяжы з Сербіяй сцяну ад мігрантаў

Венгрыя збіраецца пабудаваць сцяну на мяжы з Сербіяй, каб спыніць плынь мігрантаў. Пра гэта рашэнне 17 чэрвеня абвясціў міністр замежных спраў Петэр Сіярта.

“Урад вырашыў даручыць міністэрству ўнутраных спраў неадкладна пачаць падрыхтоўку да фізічнага ўмацавання венгерска-сербскай мяжы. Гаворка ідзе пра 175 кіламетраў, дзе будзе ўзведзены мур вышынёй у чатыры метры”.

Ён дадаў, што міграцыя ― адна з сур’ёзных праблем, з якой сёння сутыкаецца Еўрапейскі саюз і Венгрыя ў прыватнасці. Паводле апошніх дадзеных, за тры гады колькасць бежанцаў у Венгрыі вырасла ў 27 разоў. Сёлета мяжу краіны ўжо перасеклі каля 34 тысяч мігрантаў. Летась іх было амаль 43 тысячы, паведамляе Euronews.

У суадносінах колькасці імігрантаў да колькасці насельніцтва Венгрыя займае другое месца ў ЕС пасля Швецыі. 95% нелегалы пранікаюць у краіну менавіта з сербскай тэрыторыі. Дзве траціны з іх ― грамадзяне Сірыі, Ірака і Афганістана.

Сербскае кіраўніцтва было шакаванае гэтай навіной. Прэм’ер Аляксандр Вучыч заявіў, што будзе вырашаць пытанне на найвышэйшым узроўні, праз чыноўнікаў Еўрасаюза.

“Што нам трэба зрабіць, каб спыніць плынь мігрантаў праз нашу краіну ― пабудаваць сцяну на мяжы з Македоніяй і Балгарыяй? Але мы не будзем узводзіць муры. Я дакладна вам гарантую, Сербія не будзе сябе замыкаць, Сербія не будзе жыць у Аўшвіцы. Я буду размаўляць з венгерскім прэм'ерам і з афіцыйнымі еўрапейскімі прадстаўнікамі, запытаюся ў іх, што адбываецца? Як яны гэта збіраюцца вырашаць, бо гэта пытанне Еўрапейскага саюза”.

З крытыкай пазіцыі Венгрыі выступіла і ААН. Прэс-сакратар Вярхоўнага камісара арганізацыі па справах бежанцаў Кіці МакКінсі адзначыла:

“Любы мур або агароджа стануць перашкодай для бежанцаў і тых людзей, у якіх ёсць права на статус бежанца. Гэта базавая аснова Канстытуцыі Венгрыі, гэта агульначалавечае права. Мы хацелі б быць упэўненымі ў тым, што Венгрыя захавае свае межы адкрытымі, каб людзі маглі зрабіць запыт на атрыманне статусу бежанца і мець права быць пачутымі”.

Між іншым, колькасць бежанцаў расце ва ўсім свеце. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (UNHCR) у сваім штогадовым аглядзе паведаміла, што колькасць людзей, якія ратуюцца ад войнаў і канфліктаў па ўсім свеце, цяпер беспрэцэдэнтна высокая.

Напрыканцы 2014 года ў свеце налічвалася 59,5 млн чалавек, якія адносіліся да катэгорыі бежанцаў. Гэта найвышэйшы паказчык за ўсю гісторыю, паведамляе Deutsche Welle.

Фота: news24today.info, AP, REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі