Вайсковы эксперт пра заявы Лукашэнкі: Ці можна каментаваць шум прыліву ці вецер?
Міхайло Самусь / фота з архіву
Словы Лукашэнкі ўвогуле нічога нявартыя. Так вайсковы эксперт з Украіны Міхайло Самусь у каментары Еўрарадыё ацаніў заявы палітыка пра інцыдэнт у Мачулішчах і “ўкраінскі след” у гэтай гісторыі.
“Шчыра кажучы, я не ведаю, навошта гэта каментаваць? Ці можна каментаваць шум прыліву ці вецер? Для Украіны не мае значэння, што кажа гэты чалавек. Ён — саўдзельнік вайсковых злачынстваў. Гэты чалавек бярэ ўдзел у шырокамаштабнай вайне, якая з тэрыторыі Беларусі распачалася. Гэты чалавек мусіць выступаць на ваенным трыбунале, а не расказваць свае думкі”.
На думку Самуся, адзінае, што ў гэтым цікавае: Беларусь і Расія прызналі, што гэтая атака была і самалёт А-50 пашкоджаны, і ён не будзе больш выконваць баявыя задачы:
“Аднавіць гэтае абсталяванне ў іх не атрымаецца. Гэта ўнікальная апаратура, створаная ў СССР, не ў Беларусі, не ў Расіі, а ў СССР. Узяць замежныя камплектавальнікі наўрадці ў іх атрымаецца. Таму гэты самалёт будзе выглядаць як выглядаў, але выконваць свае задачы радыёэлектроннай разведкі ён не зможа”.
Але ці выгадна ў сённяшніх умовах Украіне праводзіць такую дыверсію на тэрыторыі Беларусі?
“З тэрыторыі Беларусі ўзлятае самалёт А-50, які дае наводку для камандных пунктаў, якія потым наносяць ракетныя ўдары па Украіне, знішчаючы насельніцтва і грамадзянскую інфраструктуру, чым стварае генацыд украінскага народу. Ці выгадна гэта Украіне? Украіна будзе знішчаць усё, што шкодзіць Украіне. А хто гэта зрабіў — інфармацыя закрытая. Мы знаходзімся ў стане вайны. Не трэба чакаць, што мы будзем разгалошваць падрабязнасці нашых вайсковых аперацый”.
7 сакавіка Лукашэнка ўпершыню прызнаў факт дыверсіі ў Мачулішчах (назваў яе "спробай тэракту") і пашкоджанне расійскага самалёта А-50. Ён усклаў адказнасць за яе на Украіну (на СБУ) — нібыта быў затрыманы "ўкраінскі тэрарыст" і яго беларускія памочнікі. Аднак ніякіх доказаў гэтай версіі пакуль не было прадастаўлена.
BYPOL сцвярджаў, што раніцай 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах беларускімі партызанамі з дапамогай двух дронаў і выбухоўкі быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Выканаўцы нібыта змаглі пакінуць РБ. Было апублікавана спачатку відэа аэраразведкі ў Мачулішчах, а пасля і атакі.
У апошні тыдзень у Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек, якіх правяралі на датычнасць да дыверсіі. Асабліва шмат было затрыманых у вёсках каля Мачулішчаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.