Вы тут

Вакульчык: Крымінальных спраў і затрыманняў будзе яшчэ шмат

"Крымінальных спраў і затрыманняў будзе яшчэ шмат", — заявіў у аўторак старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык. Паводле яго слоў, сярод затрыманых будуць і чыноўнікі, інфармуе sputnik.by. Напрыклад, КДБ разбярэцца, хто з чыноўнікаў кантраляваў фармаванне цэнаў на кармы ў жывёлагадоўлі. Шэраг бізнесменаў завышалі цэны на кармы для сельгаспрадпрыемстваў, а дзясяткі мільёнаў долараў выводзілі ў афшоры, аплочвалі навучанне сваіх дзяцей за мяжой.

Вакульчык таксама пацвердзіў затрыманне бізнесмена Яўгена Баскіна, генеральнага дырэктара кампаніі “Сервалюкс” (па справе затрымалі агулам 15 чалавек), распавёў пра тое, як затрымлівалі кіраўніка "Трайпла" Юрыя Чыжа. Паколькі Чыж на аўтамабілі ехаў у бок заходняй мяжы, былі задзейнічаныя спецпадраздзяленні. Цяпер ён — у СІЗА КДБ. Па справе Чыжа арыштаваныя пяць чалавек, адзін затрыманы. Гаворка ідзе пра мільярды рублёў незаплачаных падаткаў.

Старшыня КДБ сцвярджае, што рашэнне пра затрыманне Юрыя Чыжа ён прымаў асабіста, санкцыю ў Аляксандра Лукашэнкі не прасіў. Усё адбылося "вельмі хутка". Паводле яго слоў, "недатыкальных няма".

"Многія лічаць, што калі чалавек патрапіў у кадр з кіраўніком дзяржавы ці гуляе з ім у хакей, то тут павінен быць нейкі асаблівы падыход, — цытуе словы Вакульчыка БЕЛТА. — У гэтым плане хачу сказаць адназначна, і я ўпэўнены, што маю рацыю: асаблівы падыход заключаецца, што да гэтых людзей асаблівыя патрабаванні і асаблівая адказнасць. Яны павінны несці гэтую адказнасць удвая ці нават утрая. Калі ты з'явіўся побач з кіраўніком дзяржавы, то абавязаны быць крыштальна чысты перад законам".