Вадзім Жук пракаментаваў спрэчны момант у матчы БАТЭ — “Дынама" (аўдыё)

У гэты момант ногі Ігнатовіча стаялі на лініі (на відэа гэты момант гл. ад 6-й хвіліны). Суддзя не заўважыў парушэння, і перспектыўны момант для БАТЭ быў страчаны. Гульня, дарэчы, скончылася ўнічыю 0:0.

Еўрарадыё паразмаўляла з адным з самых вядомых арбітраў Беларусі, суддзёй катэгорыі ФІФА Вадзімам Жуком.

“Брамнік “Дынама” згуляў рукамі за межамі штрафной плошчы, — тлумачыць Еўрарадыё Вадзім Жук. — Рэч у тым, што яго ногі могуць стаяць дзе заўгодна, самае галоўнае, дзе знаходзіўся мяч: у штрафной плошчы ці за яе межамі. І калі брамнік сам знаходзіўся ў штрафной плошчы, а рукі яго выцягнутыя, і мяч ён злавіў за межамі штрафной, то гэта парушэнне.

Цяпер з пункту гледжання судзейства. Натуральна, што галоўны арбітр Сяргей Цынкевіч не мог бачыць гэты момант. Для таго, каб дакладна вызначыць, неабходна знаходзіцца на лініі штрафной. З таго боку знаходзіўся асістэнт рэферы Андрэй Гецікаў. Калі пайшла перадача, ён зрабіў паскарэнне, але мы бачым, што калі брамнік “Дынама” гуляў у мяч, памочнік арбітра адстаў метраў на пяць. А для таго, каб вызначыць гэты момант, трэба было знаходзіцца дакладна па лініі штрафной плошчы. На жаль, гэтага не было, і памочнік не прасігналізаваў пра парушэнне”.

Многія заўзятары лічаць, што рэферы мусіў караць Сяргея Ігнатовіча чырвонай карткай за зрыў галявой атакі. Але Вадзім Жук прытрымліваецца іншага погляду.

Жук: “Калі ён згуляў рукой за межамі штрафной плошчы, то за гэта, натуральна, прызначаецца штрафны ўдар. А далей ўжо трэба было расцэньваць гэты момант: або гэта зрыў яўнай галявой магчымасці і тады чырвоная картка, або зрыў перспектыўнай атакі. Я лічу, што гэта зрыў перспектыўнай атакі, таму што, па-першае, мяч быў накіраваны прама ў брамніка, і ён меў магчымасць згуляць грудзямі, то бок мог яго адбіць. Акрамя таго, Радзівонаў, які знаходзіўся побач, не кантраляваў мяч. Таму я прытрымліваюся таго, што правільнае рашэнне гэтай сітуацыі было б прызначэнне штрафнога ўдару і паказана жоўтая картка брамніку”.

У БАТЭ цяпер 53 ачкі, у "Дынама" — 50, "Нафтан" мае 40 ачкоў, "Шахцёр" — 38, “Тарпеда-БелАЗ” — 35, "Гомель" — 32. 26 верасня БАТЭ згуляе ў гасцях з "Нафтанам", а мінскае "Дынама" на наступны дзень — з "Тарпеда-БелАЗ".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі