Вы тут

Ва Украіну пераехалі 40 ІТ-кампаніяў і 2000 фрылансераў з Беларусі

Беларускі Парк высокіх тэхналогій / Радыё Свабода

Пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ва Украіну пераехалі з нашай краіны каля 40 ІТ-кампаніяў і больш за 2000 фрылансераў. Гэтыя звесткі агучыла ўкраінскае Міністэрства лічбавай трансфармацыі, паведамляе Радыё Свабода.

Украіна рэалізуе адмысловы праект падтрымкі беларускіх ІТ-спецыялістаў. Ён распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных спраў. Пакрокавы план, які дазваляе айцішнікам з Беларусі пераехаць ва Украіну, падтрымлівае асабіста прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. У кастрычніку ён падпісаў указ "Аб некаторых захадах для прыцягнення прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусі". Афіцыйны Мінск адрэагаваў на гэта нервова: дакумент быў названы "недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам", украінскі пасол атрымаў ноту МЗС нашай краіны.

Для беларусаў стварылі сайт з інфармацыяй пра неабходныя для пераезду дакументы, арганізаваная нават гарачая лінія. Беларускіх спецыялістаў завабліваюць ва Украіну спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, магчымасцю працаваць нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства.

Як вядома, айцішнікі з'язджаюць з Беларусі з палітычных прычынаў і не толькі ва Украіну, а і ў Польшчу, Літву, Латвію і іншыя краіны. Летам-восенню яны актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, многія пабывалі за кратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.