Вы тут

Ва Украіне святароў, падпарадкаваных РПЦ, не пусцілі ў царкву

Скрыншот

Ва Украіне святароў і вернікаў, якія належаць да Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, не пусцілі ў храм. Канфлікт здарыўся ў нядзелю 13 студзеня ў вёсцы Ворсіў, што ў Малінскім раёне Жытомірскай вобласці.

Як паведамляе Радыё Свабода, прыхільнікі Праваслаўнай царквы Украіны, якая атрымала томас (права на аўтакефалію) заблякавалі ўваход у царкву. Такія дзеянні яны патлумачылі тым, што раней абшчына вёскі на агульным сходзе вырашыла пераходзіць да Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ). Святары запэўніваюць, што людзі, якія прыйшлі, — не рэлігійная грамада і не маюць права выказваць такое меркаванне.

Паміж двума бакамі адбылася спрэчка. Вернікі УПЦ (МП) правялі набажэнства перад храмам. Прыхільнікі ПЦУ тлумачаць, што ў іх ёсць усе юрыдычныя правы для таго, каб перайсці да ўкраінскай царквы. Аднак цяпер яны асцерагаюцца, што царкоўнікі могуць выкрасці з храма каштоўнасці і маёмасць абшчыны, таму і не пускаюць іх.

6 студзеня Праваслаўная царква Украіны атрымала томас ад Сусветнага патрыярха Варфаламея. Гэта значыць, што цяпер яна мае аўтаномію ад Маскоўскага патрыярхату. Кіраўніком ПЦУ абраны мітрапаліт Епіфаній.