Вы тут

Ва Украіне беларуса падазраюць у гучных заказных забойствах

Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Ва Украіне беларуса падазраюць у гучных заказных забойствах. Яму пагражае да 15 гадоў турмы ці нават пажыццёвае зняволенне, інфармуе "Радыё Свабода".

Паліцыя лічыць Антона А. датычным да дзейнасці групоўкі кілераў. Беларус праходзіць па двух забойствах — дырэктара ўкраінскай кампаніі нямецкага канцэрна "Caparol" Паўла Зможнага (ён быў расстраляны ў 2016-м пад Кіевам падчас ранішняй прабежкі) і начальніка аддзела рэкламы Кіеўскага метрапалітэна Паўла Міленькага (летась яго зарэзалі нажом). З верасня 2019-га Антон А. быў пад хатнім арыштам, пасля — у следчым ізалятары, цяпер у яго толькі "начны арышт". Беларус сваёй віны не прызнае, сцвярджае, што па адным з эпізодаў мае алібі. Па консульскую дапамогу да беларускіх дыпламатаў ён пакуль не звяртаўся.

Ва Украіне Антон А. жыве легальна, у яго від на часовае жыхарства. Грамадзянін Беларусі мае там сям'ю — жонку і дачку.

Паліцыя падазрае, што беларус уваходзіў у групоўку кілераў, у якой было 7 чалавек. Яна праіснавала ад жніўня 2016-га да верасня мінулага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.