Ва Украіне абвяргаюць словы Лукашэнкі пра кантрабанду зброі

Ва Украіне абвяргаюць словы Лукашэнкі пра кантрабанду зброі

Ніякіх фактаў кантрабанды зброі з Украіны ў Беларусь няма. Пра гэта ў каментары Укрінфарму заявіў старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Пётр Цыгікал, каментуючы адпаведныя заявы Аляксандра Лукашэнкі

24 верасня кіраўнік Беларусі загадаў умацаваць мяжу з Украінай, абгрунтоўваючы гэта нібыта ўзрослай кантрабандай зброі. Для прыкладу ён згадаў затрыманне начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага завода, у якога знайшлі цэлы арсенал: пісталеты, аўтаматы, гранаты і нават кулямёт.

"Мы штомесяц абменьваемся справаздачамі з беларусамі. Была і размова першага намесніка ведамства Васіля Сервацюка з першым намеснікам памежнага ведамства Беларусі, у якой той запэўніў, што ніякіх фактаў адносна перамяшчэння зброі ў іх няма. І затрыманне, якое адбылося ў Гомельскай вобласці на кватэры ў беларуса, дзе знайшлі зброю, ніякага дачынення да мяжы не мае", — заявіў Цыгікал.

Гаворачы пра ўмацаванне беларуска-ўкраінскай мяжы, Цыгікал заўважыў, што не можа каментаваць палітычныя заявы. Аднак пры гэтым ён дадаў, што мае інфармацыю пра вялікі грашовы транш, які ў гэты час Беларусь атрымала ад Расіі. На думку ўкраінскага памежніка, гэта магло паўплываць на палітычныя заявы афіцыйнага Мінска.

Цыгікал дадаў, што Украіна таксама павялічвае колькасць сваіх памежнікаў на мяжы з Беларуссю — гэта новая тактыка ДПСУ. "Мы нарошчваем шчыльнасць мяжы, каб процідзейнічаць існуючым пагрозам: нелегальнай міграцыі, кантрабандзе тавараў і наркотыкаў", — патлумачыў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі