Увесь свет абмяркоўвае мемуары прынца Гары — і вось што мы з іх даведаліся

Прынц Гары і Меган Маркл / AP

Выхад мемуараў брытанскага прынца Гары з назвай "Spare" ("Запасны") сёння — падзея, якая выклікае найбольшую колькасць абмеркаванняў у свеце. Цікавасць да кнігі перакрыла і апошнія серыялы, і нават вайну ва Украіне. Чаму і што важнага расказаў прынц у сваіх мемуарах? Пераказваем галоўнае.
 

Усе супраць Меган?

Мемуары выйшлі на фоне падаграваных абмеркаванняў аб адносінах паміж Гары, яго жонкай Меган Маркл і астатнімі членамі каралеўскай сям'і. Пачалася гэтая эпапея даўно: сама пара намякала на складанасці яшчэ ў інтэрв'ю Опры Уінфры ў пачатку 2021-га. Такія-сякія падрабязнасці былі потым у дакументальным серыяле на Netflix, і вось  — мемуары самога Гары.

У іх прынц проста расказвае пра тое, як яго бліжэйшыя сваякі не прымалі Меган і, што яго асабліва абурае, не ўсталі на яе абарону пасля нападак таблоідаў. Нічога экстраардынарнага ў аповедзе Гары пра ўзаемаадносіны сям'і няма, але зразумела, што асабіста для яго гэта ўсё стала сапраўднай драмай.

Напрыклад, шмат увагі ў кнізе Гары надае канфліктам падчас планавання вяселля: тады Уільям і яго жонка Кейт памяняліся месцамі на прыёме, не ўзгадніўшы гэта. Слова за слова, гэта перарасло ў канфлікт – хоць па сутнасці, уся гісторыя магла скончыцца парай фраз.

Герцаг і герцагіня Кембрыджскія Кейт Мідлтан і прынц Уільям, герцаг і герцагіня сасэкскія прынц Гары і Меган Маркл пасля смерці каралевы Лізаветы / AP

Як піша аглядальнік The Washington Post, кніга — нудная, але так шмат падрабязнасцей патрэбныя для тлумачэння, што Гары да гэтага часу жыве з траўмай гібелі яго маці, прынцэсы Дыяны, і вельмі баіцца, што тое ж самае адбудзецца з яго каханай жанчынай.

Далейшыя падрабязнасці: холад у адносінах з Уільямам і нават невялікая бойка (якая скончылася выбачэннямі) — тое, што добра вядома многім, у каго ёсць браты або сёстры.

Гары сваёй кнігай, верагодна, хацеў паказаць, што хоча жыць "нармальным" жыццём і выклікаць спачуванне, але, мяркуючы па ўсім, гэтага не выйшла. Сярод брытанцаў, паводле звестак Yougov, рэйтынг сімпатый да яго абваліўся да 26%, хоць яшчэ пяць гадоў таму добра да яго ставіліся 80% жыхароў каралеўства. Такая спроба "эмацыйнага эксгібіцыянізму", як часам пішуць у сацсетках, або "самага доўгага п'янага паведамлення", як назвалі кнігу BBC, выклікала хутчэй непрыманне.
 

Што акрамя Меган

Лейтматыў мемуараў Гары — траўма ад гібелі маці і адносіны з Меган, але месца ён знайшоў у кнізе і для іншага. У цэлым крытыкі хваляць стыль прынца: чытаць яго лёгка, а месцамі ён і жартуе (як, напрыклад, пра затычкі ў вушах каралевы падчас выступу гітарыста групы Queen Браяна Мэя). Праўда, па зместу пытанняў больш.

Адным з самых папулярных момантаў, якія абмяркоўваюцца ў тык-току, стала гісторыя з абмарожаннем пеніса, якое Гары атрымаў у Арктыцы. У англамоўных сацсетках большае здзіўленне выклікае не столькі сама гісторыя, сколькі рэдкаватае слова "todger", якое выкарыстоўвае Гары. Але такіх тэм ён не саромеецца: напрыклад, піша ў мемуарах пра страту нявіннасці на вуліцы за пабам і як адчуваў сябе выкарыстаным.

Прынц Гары падчас службы ў Афганістане / NBC

Піша Гары і пра сваю службу ў войску. Напрыклад, яго прызнанне ў забойстве двух дзясяткаў талібаў у Афганістане ўжо паспела выклікаць крытыку і справакавала заклікі "разабрацца" з ім. Але пакуль што далей за гучныя словы справа не зайшла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.