Уварванне Расіі ва Украіну: чэргі ў ваенкаматы і зварот да расіян

Чэргі ў ваенкаматы / УСУ Украіны
Чэргі ў ваенкаматы / УСУ Украіны

Газеты ва ўсім свеце сёння выйшлі са словамі падтрымкі Украіне. Расійская "Новая газета" выйшла на дзвюх мовах — таму што рэдакцыя не лічыць ворагамі ўкраінцаў і ўкраінскую мову не лічыць мовай ворага. А першая паласа амерыканскай New York Times — гэта сцяг Украіны.

Што адбывалася ў самой Украіне, пакуль вярсталіся газеты, — у аглядзе Еўрарадыё.

 

Мы не стаміліся

Раніцай перад украінцамі выступіў Уладзімір Зяленскі. Ён падзякаваў абаронцам Украіны і адказаў войскам, якія наступаюць і якія, магчыма, разлічвалі на хуткую ваенную аперацыю: "Мы не стаміліся".
 

Чэргі ў ваенкаматы

Ва Украіне абвешчана ўсеагульная мабілізацыя. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вылучыў на яе 90 дзён. Гэтай раніцай да кіеўскіх ваенкаматаў стаялі чэргі.

Працягваецца набор добраахвотнікаў у тэрытарыяльную абарону. Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр гэтай ноччу паведаміла, што ў Кіеў завозяць дадатковую зброю. Раніцай яна будзе даступная тым, хто далучыцца да тэрытарыяльнай абароны.

Вторжение России в Украину: очереди в военкоматы и обращение к россиянам
Людзі далучаюцца да тэрытарыяльнай абароны / фэйсбук-акаўнт Ганны Маляр

Раніца ў Кіеве

Рана раніцай 25 лютага кіяўляне, якія жывуць ля станцыі метро "Пазнякі", прачнуліся ад выбуху. Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў, што гэта вынік работы ўкраінскага СПА па ракетах праціўніка. Гэтая атака справакавала пажар у адным са шматкватэрных дамоў на ўскраіне Кіева.

Украінскія вайскоўцы імкнуцца не дапусціць поўнамаштабнага наступу на Кіеў. "Украинская правда" піша, што каля пасёлка гарадскога тыпу Іванкава для таго, каб спыніць наступ расійскай бранятэхнікі, узарвалі мост.

 

Нікому не верыць

Раніцай з'явіліся паведамленні пра тое, што расійскія вайскоўцы пераапрануліся ва ўкраінскую форму і рухаюцца на Кіеў з боку Абалоні ў захопленых украінскіх машынах. Неўзабаве намесніца міністра абароны Ганна Маляр паведаміла, што гэтыя машыны абясшкоджаныя.

Захопленыя аўтамабілі абясшкоджаныя

Што адбываецца ў Чарнобылі

Учора ўвечары з'явіліся здымкі расійскай тэхнікі ў раёне Чарнобыльскай АЭС. А сёння там спрацавала аўтаматычная сістэма радыяцыйнага маніторынгу: было зафіксавана перавышэнне радыяцыі, паведаміла Дзяржінспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны.

Праз акупацыю тэрыторыі расійскімі вайскоўцамі дакладную прычыну падвышэння радыяцыйнага фону вызначыць складана.

 

Зварот да расіян: змагайцеся за нас, змагайцеся супраць вайны

Не толькі медыя выйшлі за Украіну. Учора ўвечары акцыі супраць вайны прайшлі ў 58 гарадах Расіі. Паводле звестак "ОВД Инфо", на іх былі затрыманыя 1788 чалавек.

Гэтай раніцай Уладзімір Зяленскі звяртаўся не толькі да ўкраінцаў, але і да расіян.

— Сёння ноччу пачалі бамбіць жылыя кварталы горада-героя Кіеў. Гэта ўсё нагадвае 1941 год. Усім грамадзянам Расійскай Федэрацыі, якія выходзяць на пратэсты, хачу сказаць: мы вас бачым. Гэта значыць, што вы нас пачулі. Гэта значыць, вы нам пачынаеце верыць. Змагайцеся за нас, змагайцеся супраць вайны.

Еўрарадыё працягвае разам з усім светам сачыць за трагічнымі падзеямі, якія разгортваюцца ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі