“Усё задзяўбло” і “адвакат даў надзею”. Беларусы пра легалізацыю ў Чэхіі

Прага / Еўрарадыё
Прага / Еўрарадыё

“Я зваліў у Вільню і паспрабую тут атрымаць гуманітарны ВНЖ”, — такое рашэнне прыняў беларускі актывіст Пётр Маркелаў пасля няўдалай спробы легалізавацца ў Чэхіі. Праз палітычны пераслед у Беларусі хлопец з’ехаў у Прагу, дзе вучыцца на другім курсе інстытута CEVRO.

У лістападзе мінулага года Пётр падаў заяўку на падаўжэнне свайго дазволу на знаходжанне ў Чэхіі. Да гэтага ў яго ўжо былі два дазволы: першы — на паўгода, другі — на год. Новую заяўку ён падаў за тры месяцы да канца тэрміну дзеяння апошняга. 

“Усё задзяўбло” і “адвакат даў надзею”. Беларусы пра легалізацыю ў Чэхіі

“Праз чатыры месяцы пасля гэтага мне сказалі абнавіць даведкі, маўляў, у вас выйшаў тэрмін страхоўкі, — расказвае суразмоўца Еўрарадыё. — Адбылося гэта якраз за той час, пакуль разглядалі мае дакументы. Плюс прыдраліся да ліста з універа, які пацвярджае, што я ў ім вучуся: там пазначаная дата гэтага ліста, ёсць маё імя, напісана, што вучуся на другім курсе. Мне сказалі, што там не напісана, што я вучуся на другім курсе менавіта ў 2022-2023 гадах. Гэта была яшчэ адна падстава для адмовы. Яшчэ ў маіх дакументах было напісана, што я атрымліваю стыпендыю 450 еўра ў месяц. Тым, хто разглядаў, не спадабалася колькасць грошай: нібыта іх не хапае для жыцця ў Чэхіі.

Вынікае, што мне патрэбная новая страхоўка, але я не хачу плаціць за страхоўку 800 еўра. Гэта не такія малыя грошы, асабліва калі ты фактычна не можаш атрымаць ніякай дапамогі па ёй. Напрыклад, мне трэба было зрабіць УГД жоўцевага пухіра. Спрабаваў чатыры месяцы: там то нешта не працуе, то ніхто не разумее па-англійску — карацей, грошы на вецер. Я падумаў, навошта плаціць за гэтую страхоўку, асабліва калі мне так і не працягнуць час знаходжання ў Чэхіі.
Таму я проста забіў, бо ўсё задзяўбло. Зваліў у Вільню і паспрабую тут атрымаць гуманітарны ВНЖ”.

“Усё задзяўбло” і “адвакат даў надзею”. Беларусы пра легалізацыю ў Чэхіі
Пётр Маркелаў на акцыі пратэсту ў Мінску / Архіў Пятра Маркелава

Закон для ўсіх

Каб мінімізаваць непаразуменні з міграцыйнай службай, трэба вельмі ўважліва чытаць усе правілы легалізацыі. Напрыклад, як удалося высветліць Еўрарадыё, паводле чэшскага заканадаўства замежніку падчас падачы на дазвол на знаходжанне на тэрыторыі Чэхіі неабходна падаць дакумент, які пацвярджае, што яго агульны штомесячны даход не будзе ніжэйшы за суму пражытковага мінімуму (3860 чэшскіх крон, або 163 еўра) і максімальнай нарматыўнай часткі выдаткаў на жытло (9001 чэшская крона, або 380 еўра). Гэтая сума практычна на 100 еўра большая за пададзеную ў дакументах Пятра Маркелава.

Што да страхоўкі, то, зноў жа, паводле закона яна мусіць дзейнічаць бесперапынна.

"Замежнікі або маюць права ўдзельнічаць у чэшскай сістэме дзяржаўнага медыцынскага страхавання, або мусяць аформіць камерцыйнае медыцынскае страхаванне".

З гэтымі законамі можна пагаджацца ці не, але яны аднолькавыя для ўсіх. Праблема ў тым, што, нават атрымаўшы дазвол, праз паўгода ці год табе зноў давядзецца праходзіць працэдуру з дакументамі, а значыць (калі ты беларус, якому праз палітыку нельга вяртацца дадому) — зноў згадваць выпадкі катаванняў, расказваць пра затрыманні і пераслед нават калі раней ты ўсім усё даказаў. Гэта трыгерыць.  

“Увогуле, мяне страшна бесіць, што палову жыцця нам, беларусам, якія з’ехалі, трэба марнаваць на тое, каб проста легальна знаходзіцца ў іншай краіне, — тлумачыць Пётр Маркелаў. — Сапраўды, мы таксама людзі. У нас ёсць свае працы, свае справы, свае праекты — нам, увогуле, не проста жыць трэба, а яшчэ і вызваляць Беларусь, а мы тут мусім траціць вялікія грошы — страхоўка каштуе 800 еўра на год, яе немагчыма атрымаць без дапамогі. Мусім марнаваць свой час — прапускаць працу, прапускаць універ, хадзіць у гэтыя міграцыйныя службы, дзе не могуць выдаць нармальныя дазволы на знаходжанне.

Калі ёсць доказы, што чалавека ў Беларусі заб’юць, пасадзяць у турму — чаму б яму адразу не выдаць дазвол на пяць гадоў? Не, яны выдаюць на паўгода. Гэта проста здзек і адсутнасць адэкватнай дапамогі з боку Еўрапейскага саюза”.    

 

“Беларусам прапануюць вярнуцца ў Беларусь”

Яшчэ адну гісторыю пра легалізацыю Еўрарадыё расказвае Генадзь (імя змененае), які быў вымушаны з’ехаць з Мінска ва Украіну ў сакавіку 2021-га, а пасля пачатку вайны — пераехаць у Чэхію. Хлопец, які падчас пратэстаў некалькі разоў пабываў за кратамі, а пасля з’ехаў праз пераслед, падаў заяўку на міжнародную абарону з усімі неабходнымі дакументамі, але праз год атрымаў адмову.

“Усё задзяўбло” і “адвакат даў надзею”. Беларусы пра легалізацыю ў Чэхіі
Мемарыял з "рукамі чэшскіх студэнтаў" у Празе, прысвечаны пачатку "аксамітнай" рэвалюцыі 1989 года / Еўрарадыё

Усё складана, але ёсць выключэнні

Як пісала Еўрарадыё 23 сакавіка, Чэхія падоўжыла забарону на выдачу віз і часовых відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі да канца сакавіка наступнага года. Таксама візы не будуць выдаваць і тым беларусам, якія маюць другое грамадзянства.

Выключэнне зрабілі для беларусаў, якія падаюцца: на від на жыхарства з мэтай аб’яднання сямʼі; сталае пражыванне для тых, у каго ўжо ёсць чэшскі ВНЖ ці карані; на атрыманне Blue Card (толькі праз візавую праграму “Грамадзянская супольнасць”; на візы/ВНЖ з мэтай навучання для беларускага студэнцтва са стыпендыямі.

Выдачу віз беларусам і расіянам прыпынілі пасля 24 лютага 2022 года.

"Крок закліканы абараніць замежнапалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне, выкліканым уварваннем Расійскай Федэрацыі, якая падтрымліваецца Рэспублікай Беларусь",  — тлумачаць ва ўрадзе Чэхіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі