“Усе розных мадэляў” — байкеры расказваюць, як ДАІ забірае іх матацыклы

“Усе розных мадэляў” — байкеры расказваюць, як ДАІ забірае іх матацыклы

Мінскія байкеры заяўляюць, што іх матацыклы масава адпраўляюць на штрафстаянкі. На дзень 19 красавіка на тэматычных форумах у інтэрнэце кажуць не менш чым пра 50 матацыклаў, якія стаяць на стаянках РУУС.

“Дакладна ведаю пра пяць матацыклаў у Маскоўскім РУУС, мінімум адзін — у Савецкім і два — у Першамайскім, — кажа матацыкліст Зміцер, які спрабуе сабраць дадзеныя па ўсіх, у каго затрымалі байк. — Астатняе пакуль толькі па чутках. Але праблема ў тым, што нікому не даюць дакументы. Учора мы іх літаральна прымусілі даць копіі пратаколаў. Праз паўтары гадзіны размоў з супрацоўнікамі РУУС мы ім прапанавалі ці аддаць правы і тэхпашпарт, ці афармляць працэдуру вымання транспартнага сродку. Нам вярнулі дакументы, бо для вымання патрэбныя пратаколы, панятыя, юрыдычная падстава, а яе, гледзячы па ўсім, у іх няма, ёсць толькі загад”.

Масавыя арышты матацыклаў пачаліся праз некалькі гадзінаў пасля здарэння, у якім пацярпелі інспектар ДАІ і матацыкліст. Сталічныя байкеры перакананыя, што праваахоўнікі такім чынам абвясцілі ім вайну. Але аўтаінспекцыя гэта адмаўляе, маўляў, гэта штогадовая акцыя, накіраваная на прафілактыку парушэнняў ад матацыклістаў. Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё распытвае пра падрабязнасці затрыманняў.

“Ехалі ўдваіх з дзяўчынай на двух матацыклах, — распавядае хлопец пра канфіскацыю свайго байка. — Спыніліся на скрыжаванні, тут выязджае машына ДАІ з мігалкамі і перакрывае дарогу. Выбягаюць даішнікі, правяраюць дакументы і пачынаюць правяраць матацыклы. Адзін матацыкл стаў на ўлік толькі дзесяць дзён таму, а другі на выхадных быў зняты з уліку. Праходзячы праверку нумароў, ні адзін, ні другі матацыкл пытанняў не выклікаў. А тут раптам кажуць, што магчымыя змены він-кода, і трэба праехаць з імі ў РУУС”.

Па словах матацыклістаў, міліцыянты казалі, што працэдура зойме хвілін дзесяць, маўляў, спецыяліст агледзіць, і ўсё. Але па факце ў 23:00 хлопца выставілі з РУУС без дакументаў. Аформілі ўсё, нібыта байкер добраахвотна здаў матацыкл на экспертызу.

“Недзе ў 22:20, вяртаючыся дамоў, я заехаў на запраўку, — кажа яшчэ адзін матацыкліст Улад. — Пад’язджае нарад ДАІ. Правяраюць дакументы, з якімі ў мяне ўсё ў парадку. Тым не менш забіраюць тэхпашпарт і пасведчанне, і просяць пачакаць. Інспектар тэлефануе некаму і пытаецца, ці падыдзе мой матацыкл. Потым ён мне кажа, што ёсць падазрэнне, што ў мяне на раме перабітыя нумары, і трэба праехаць з ім у аддзяленне”.

Хлопец кажа, што прасядзеў там дзве з паловай гадзіны, пакуль міліцыянты разбіраліся, дзе і што трэба пісаць, каб аформіць. А ў выніку не далі нават сфатаграфаваць пратакол і выставілі за дзверы. Па словах Улада, у прыватнай размове з інспектарам ён даведаўся, што кожнаму нараду ДАІ загадалі прывезці ва ўчастак 3-4 матацыклы — “іначай на завод пойдзеце!”. Таму забіралі хлопца ўжо па-за зменай, якая скончылася ў даішнікаў у 22:00.

"Ехаў па праспекце, убачыў машыну ДАІ і праехаў міма. Праз некаторы час мяне спынілі з сірэнамі, — кажа чарговая ахвяра праверак Ілля, які 18 красавіка каля 22:00 рухаўся па праспекце Незалежнасці. — Дакументы забралі і папрасілі праехаць з імі. Прыехалі ў аддзяленне РУУС. Матацыкл папрасілі прыпаркаваць на паркоўцы і чакаць. Пасля гадзіны чакання паведамілі, што матацыкл будуць правяраць, каб нумар рамы быў сапраўдны. Усе дакументы ў мяне былі ў парадку, матацыкл праходзіў нашу мытню. Сказалі, што ў чацвер, магчыма, будзе экспертыза. Абяцалі аддаць праз тыдзень, калі ўсё будзе добра".

Ні адзін з байкераў ніколі раней не сутыкаўся з такімі масавымі праверкамі і канфіскацыямі матацыклаў. Словы супрацоўнікаў ДАІ пра штогадовую практыку выклікаюць у іх усмешку, маўляў, “вы ж разумееце, адкуль ногі растуць”.

“Праверка, ці не скрадзены?! Яны ж сабралі поўны мадэльны рад, а не шукалі нейкую асобную мадэль, — здзіўляецца адзін з хлопцаў. — Усе матацыклы розных мадэляў, розных колераў… Ды не крадуць у нас столькі матацыклаў”.

Вярнуць матацыклы ўладальнікам абяцаюць цягам тыдня, але, калі будуць “шумець”, пагражаюць, што працэдура зацягнецца на некалькі месяцаў. Тым не менш байк-суполка збіраецца звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне ДАІ, сустрэча з кіраўніцтвам запланаваная на вечар 19 красавіка. Еўрарадыё працягвае сачыць за падзеямі.

Нагадаем, 18 красавіка ў Мінску 31-гадовы матацыкліст, па версіі Дзяржаўтаінспекцыі, не падпарадкаваўся патрабаванню супрацоўніка ДАІ і спрабаваў ад яго уцячы. У выніку здзейсніў наезд на інспектара і сутыкнуўся з інкасатарскай машынай. Была распачатая крымінальная справа. Па версіі байкераў, інспектар пачаў хапаць матацыкл за руль і выпадкова крутануў ручку газу, з-за чаго матацыкл вынесла на перакрыжаванне і адбылося ДТЗ. На думку мотааматараў, цяпер ДАІ ствараюць негатыўны фон вакол байкераў, каб прыхаваць дзеянні свайго супрацоўніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі