Вы тут

Ці ёсць розніца паміж байкерам і матацыклістам?

Кадр з серыяла "Сыны Анархіі".

Пасля выпадку ў Гомельскай вобласці, калі інспектар ДАІ загінуў падчас пагоні на матацыклах за байкерам-бяспраўнікам, пачаліся спрэчкі, ці карэктна называць парушальніка байкерам? Маўляў, байкеры — гэта самавітыя дзядзькі на чоперах, а гамельчук ехаў на спартовым матацыкле, значыць, ён не байкер, а матацыкліст.

“Калі ласка, не блытайце байкера і матацыкліста. Пачніце нарэшце адрозніваць, а калі не ведаеце, хто такія байкеры, дык, калі ласка, вывучыце гэтае пытанне!” — гнеўна каментавалі навіну чытачы Еўрарадыё. Каб далей не дражніць ні байкераў, ні матацыклістаў, мы вырашылі вывучыць пытанне.

Ехаў казачнік-байкер

Вядома, што тэрмін байкер — гэта англіцызм. Першапачаткова ў ЗША ён абазначаў кіроўцу "байка", то бок спачатку ровара, а пасля і матацыкла. Але сёння шмат хто трактуе гэтае слова больш вузка: байкер — удзельнік субкультуры аматараў матацыклаў, якія аб'ядноўваюцца ў клубы, апранаюцца ў чорнае, любяць хуткасць і цяжкую музыку, разʼяжджаюць у калоне і вядуць асацыяльны лад жыцця (апошняе не абавязкова).

Вобразы байкерскай субкультуры ўпісаныя ў масавую культуру. Пра іх пішуць кнігі ("Анёлы Ада" Томпсана), здымаюць серыялы ("Сыны Анархіі", шэраг эпізодаў у серыяле "Сапраўдны дэтэктыў") і фільмы ("Пякельная паездка", "Бестурботны яздок"). Часцей за ўсё байкеры — антаганісты, праціўнікі галоўнага героя. Агульная рыса: для кожнага з іх байк — не проста сродак перамяшчэння, а частка жыцця.

Але Еўрарадыё больш цікавіць, ці існуе розніца паміж "байкерам" і "матацыклістам" у Беларусі. І тут эксперты разыходзяцца ў думках. Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, напрыклад, лічыць, што байкеры і матацыклісты — гэта розныя людзі. І байкеры выконваюць закон лепш, чым матацыклісты:

"Гэта дзве розныя катэгорыі. На жаль, па віне матацыклістаў у мінулым годзе загінулі 42 чалавекі і больш за 270 былі параненыя. Сумная статыстыка, хоць яна ідзе на змяншэнне, але нам дарагое кожнае жыццё, жыццё кожнага ўдзельніка дарожнага руху", — распавёў Ігар Шуневіч на адкрыцці мотасезону HOG Spring Challenge.

Статыстыка, якую прыводзіць Шуневіч, найперш тычыцца здарэнняў са спартовымі матацыкламі. То бок, з гледзішча міністра, усё абсалютна не так, як на Захадзе, дзе байкерамі пужаюць дзяцей, а матацыклісты (motorcyclists) — звычайныя хлопцы і дзяўчаты на матацыклах.

"Усё залежыць ад чалавека"

Рэдактар часопіса "Большой" і аматар матацыклаў Зміцер Навіцкі лічыць, што ніякай розніцы паміж матацыклістам і байкерам Беларусі няма:

"Гэта словы-сінонімы. Я не разумею, чым могуць байкеры адрознівацца ад матацыклістаў. Магчыма, што людзі, якія падзяляюць гэтыя паняцці, кіруюцца нейкім прынцыпам "элітарнасці", які прыйшоў з 1990-ых, калі валоданне матацыклам было чымсьці з нешараговым.

Але цяпер няма ніякай розніцы паміж байкерам і матацыклістам. Усё залежыць ад чалавека. Ад асабістай індывідуальнай адказнасці. Як сказаў адзін разумны чалавек [Імануіл Кант. — Еўрарадыё]: “Зорнае неба над намі і маральны закон унутры нас”".

"Я аднолькава як байкер, так і матацыкліст"

Навіцкага падтрымлівае Аляксей Адаранка, дырэктар мінскага клуба Harley Owners Group (H.O.G):

"Маё меркаванне: я не падзяляю нікога ні на якія катэгорыі. Байкеры, матацыклісты. "Байкер" прыйшоў да нас з англійскай мовы і азначае чалавека, які водзіць "байк". А "матацыкліст" — гэта з рускай, "чалавек які кіруе матацыклам". Аднаму бліжэй адно, іншаму — іншае. Я аднолькава як байкер, так і матацыкліст. Я не разумею, як дзеляць на матацыклістаў і байкераў.

Магчыма, таму, што я выхоўваўся на музыцы The Rolling Stones, глядзеў фільмы Феліні і любіў самалёты і Harley Davidson, для мяне матацыкл — гэта ўсё ж такі байк, і, напэўна, мяне можна аднесці да байкераў. Ну а тое, што людзі вешаюць цэтлікі... У кожнай групе, у кожнай супольнасці ёсць неадэкваты. Але па іх нельга меркаваць пра усіх".

 

"Сапраўдны байкер" такая ж міфічная істота, як "сапраўдны мужчына"

Матацыклістка Юлія Палішчук таксама лічыць, што байкер і матацыкліст — гэта адно і тое ж.

"Для мяне розніцы паміж байкерамі і матацыклістамі няма. "Сапраўдны байкер" гэта такая ж міфічная істота, як і "сапраўдны мужчына"! Нехта не злазіць з матацыкла, а нехта выкочваецца некалькі разоў за сезон. Таму першым хочацца падкрэсліць сваю дасведчанасць, зануранасць ў тэму.

Ёсць клубы, клубная культура. Але гэта ўсё на аматара. Хтосьці пераапранаецца ў эльфаў, хтосьці лічыць сябе нашчадкавым чараўніком васьмідзясятага ўзроўню, а іншы думае, што ён "сапраўдны байкер". Гэта ўсё мае месца быць, але толькі на ўзроўні субʼектыўнага ўспрымання асабіста кожнага".

Дзяржаўныя байкеры

Тым часам мотакультура робіцца ўсё больш папулярнай сярод беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў. Спачатку Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем выязджаюць на чале байкерскай калоны. Сёлета Віктар Лукашэнка і Ігар Шуневіч адкрываюць мотасезон. У дзяржаўны піяр-мэйнстрым улілася (хаця і вельмі сімвалічна, у якасці пасажыркі) нават намстаршыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна!

 

Старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын" Мар'яна Шчоткіна (у цэнтры).

Для Усходу Еўропы характэрна, што хобі кіраўнікоў краіны робіцца ледзь не часткай дзяржаўнай ідэалогіі. У Расіі культавы статус набыў спачатку тэніс, які любіў прэзідэнт Барыс Ельцын, а пасля дзюдо, якім займаецца Уладзімір Пуцін, а ў Беларусі спортам №1 стаў хакей — захапленне Аляксандра Лукашэнкі. Падобна на тое, што такі лёс чакае і байкерскі рух. Таму няма чаго здзіўляцца словам міністра пра “добрых” байкераў і “дрэнных” матацыклістаў — дзяржаўныя людзі “адмяжоўваюцца” ад тых, з кім не хочуць асацыявацца. Нават калі ўсе астатнія ніякай розніцы паміж байкерамі і матацыклістамі не бачаць.