Усе дзяржаўныя газеты пачалі друкавацца на шклоўскай паперы

З гэтага тыдня ўсе агульнабеларускія дзяржаўныя газеты пачалі друкавацца на паперы, зробленай у Шклове. Пра гэта прэс-службе "БАЖ" паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Беларускага Дома друку Станіслаў Казак. Шклоўскі завод газетнай паперы — адзіны ў Беларусі вытворца такой прадукцыі.

Дагэтуль шмат якія выданні друкаваліся на расійскай паперы, а цяпер для дзяржаўных газет Дом друку будзе закупляць шклоўскую паперу цэнтралізавана. Не закрыта пакуль толькі пытанне з паперай для "Советской Белоруссии": па словах Казака, да апошняга часу яна друкавалася на расійскай паперы, цяпер — на беларускай, а там, маўляў, будзе відаць.

Па словах спадара Казака, новаўвядзенне тычыцца толькі дзяржаўнай прэсы, а недзяржаўная будзе па-ранейшаму купляць паперу самастойна.

Аднак некаторыя падзеі апошніх дзён сведчаць пра тое, што недзяржаўныя выданні гэты працэс таксама не абміне. Так, 2 снежня ў рэдакцыю недзяржаўнага рэгіянальнага выдання "Брестская газета" патэлефанавала супрацоўніца Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі ды сказала, што "па заданні ўраду" ёй трэба зрабіць пробы ўсёй імпартнай паперы, якая выкарыстоўваецца для друку газет. Яна прапанавала рэдактару "Брестской газеты" Віктару Марчуку прадаставіць ёй па 1 метры ад кожнага рулона паперы, якая належыць "БК" і знаходзіцца на складах.

Рэдактар адмовіўся выконваць патрабаванне, заявіўшы, што не дасць псаваць паперу, бо пачатыя рулоны забруджваюцца і рвуцца. На гэтым размова пакуль скончылася, але жанчына папярэдзіла, што гэта "вельмі сур’ёзна".

3 снежня ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі РБ прэс-службе БАЖ неафіцыйна пацвердзілі існаванне даручэння Савета Міністраў ад 20 лістапада, якое сапраўды загадвае супрацоўнікам Дзяржстандарту праверыць усю імпартную газетную паперу да 10 снежня.

Як падкрэслілі супрацоўнікі камітэту, непадпарадкаванне можа пацягнуць за сабой санкцыі — паводле закона "Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі" (арт. 13, які акрэслівае правы дзяржаўнага інспектара) і Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (арт. 23.2). (У прыватнасці, закон дае права інспектарам "забараняць юрыдычным асобам альбо індывідуальным прадпрымальнікам перадачу прадукцыі, выкананне працэсаў яе эксплуатацыі (выкарыстання), захоўвання, перавозкі, рэалізацыі і ўтылізацыі альбо аказанне паслуг". Кодэкс жа прадугледжвае накладанне штрафу ад 10 да 50 базавых велічыняў.)

Між тым, прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, чый дабрабыт залежыць найперш ад прывабнасці для чытача і нармальных стасункаў з прадпрыемствамі-партнёрамі, не так упэўненыя ў перавагах шклоўскай паперы.

Напрыклад, па словах галоўнага рэдактара «СНплюс. Свободные новости плюс» Васіля Зданюка, яго газета друкуецца на расійскай, бо якасць беларускай не задавальняе ні рэдакцыю, ні друкарні. "Машыны дзяруць гэтую паперу, і шмат адкідаў. Некаторыя друкарні проста адмаўляюцца працаваць з ёй", — кажа Зданюк.

Некаторыя выданні перайшлі на шклоўскую паперу з меркаванняў эканоміі — напрыклад, "Информ-прогулка" (Лунінец) выходзіць на беларускай паперы са студзеня мінулага года. Аднак, па словах рэдактаркі выдання Святланы Гарды, на працягу ўсяго года ад друкарні паступалі заўвагі наконт якасці паперы, і толькі апошнім часам яна крыху палепшылася.


Глядзі таксама:
Шклоўскую паперу вырабляюць на машыне, якую не давезлі да Анголы
Шклоўская паперня выправіла якасць прадукцыі?
Шклоўскую газетную паперу тонамі звозяць на сметнік (фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі