Вы тут

Урад разглядае магчымасць увядзення харчовых "бонусных" картак

Для бедных слаёў насельніцтва могуць увесці харчовы карткі / pixabay.com

Урад можа скараціць спіс сацыяльна значных прадуктаў, цэны на якіх рэгулююцца дзяржавай. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін.

У лютым 2021-га была прынятая пастанова №100, якая жорстка рэгулюе цэны на шэраг прадуктаў харчавання і лекі. У спіс трапілі садавіна, малочныя прадукты, крупы ды інш. Цэны на тавары з гэтага спісу можна павышаць не болей як на 0,2% за месяц. Рэгуляванне працягнутае да канца 2021 года.

Субоцін заявіў, што гэта была вымушаная мера і яна спрацавала. Аднак, дадаў чыноўнік , яна "ўплывае на фінансавы стан прадпрыемстваў". Таму цяпер ва ўрадзе вырашаюць, што рабіць далей.

"На гэты момант існуе меркаванне, што пастанова №100, хутчэй за ўсё, застанецца. Але пералік сацыяльна значных тавараў мы скароцім да 17, прыбярэм бескасцёвае мяса і іншыя пазіцыі. Пакідаем хлеб, малако, натуральнамалочную прадукцыю і гэтак далей",перадае БЕЛТА словы віцэ-прэм'ера.

Сама пастанова №100, на яго думку, "сябе зжыве як нарматыўна-прававы акт". Таму чыноўнікі плануюць перайсці да адраснай дапамогі. Для ўразлівых слаёў насельніцтва, магчыма, будуць уведзеныя харчовыя карткі, якія Субоцін назваў "бонуснымі". 

"Магчыма, будуць нейкія бонусныя карты для пенсіянераў, маламаёмных, шматдзетных сем'яў", — патлумачыў намеснік прэм'ер-міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.