Урад Беларусі зноў пашырыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга

Урад Беларусі зноў пашырыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга. Унесены змены ў ранейшае рашэнне пра абмежавальныя меры ў дачыненні імпарту тавараў з "несяброўскіх" краін. Дакумент у чацвер апублікаваны на Нацыянальным прававым партале РБ, асноўныя яго пункты пачынаюць дзейнічаць ужо праз дзесяць дзён.

Урадавай пастановай пашыраны спіс выключэнняў для ўвозу ў нашу краіну. З "чорнага спісу" выключылі сцябловы і каранёвы сельдэрэй, пекінскую капусту, клеменціны, ківі.

Харчовыя контрсанкцыі Беларусі дзейнічаюць з 1 студзеня 2022-га (у чэрвені яны былі працягнуты да канца года). Гэта адказ на санкцыі Захаду. У "чорны спіс" трапіла прадукцыя з краін ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых. Гэта — мяса, каўбасы, малочная прадукцыя, садавіна і гародніна, арэхі, кандытарскія вырабы, тлушч, соль. Аднак пазбегнуць дэфіцыту не ўдалося. У выніку ўрад Беларусі "вымушана" стварыў спіс выключэнняў з харчовага эмбарга і пашырае яго. Першым сярод іх была соль. Пасля — арэхі, яблыкі, грушы, баклажаны і г. д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.