Упершыню ў гісторыі адбылося поўнае адключэнне Запарожскай АЭС ад энергасеткі

Упершыню ў гісторыі адбылося поўнае адключэнне Запарожскай АЭС ад энергасеткі. Пра гэта паведамляе ўкраінскі "Энергаатам". Ён ускладае адказнасць на расійскіх акупантаў. Пра планы адключэння Запарожскай АЭС ад энергасеткі Украіны днямі папярэджвала ўкраінская разведка.

Па версіі "Энергаатама", 25 жніўня з-за пажараў каля Запарожскай цеплаэлектрастанцыі двойчы адключалася апошняя лінія сувязі АЭС з энергасістэмай Украіны. Тры іншыя лініі сувязі "раней былі пашкоджаны падчас расійскіх абстрэлаў".

"З прычыны гэтага два працуючыя энергаблокі станцыі адключыліся ад сеткі, — піша "Энергаатам". — Такім чынам, дзеянні захопнікаў пацягнулі поўнае адключэнне АЭС ад энергасеткі".

Цяпер ідуць працы па падключэнні аднаго з энергаблокаў да сеткі. Адзначаецца, што радыяцыйны фон адпавядае натуральнаму.

Раней украінскі і расійскі бакі неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў абстрэлах Запарожскай АЭС. Чакаецца, што ў пачатку верасня туды прыедзе місія МАГАТЭ. У чацвер арганізацыя выступіла з заявай.

Расійскія войскі акупавалі ЗАЭС ў пачатку сакавіка 2022-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.