Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў расійскіх алімпійцаў (відэа)

Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў расійскіх алімпійцаў (відэа)

Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў расійскіх алімпійцаў, якія едуць у Пхенчхан, за тое, што дзяржава не змагла іх абараніць ад ціску. Зборная Расіі з-за гучнага скандалу з допінгам не была дапушчаная на Алімпіяду-2018 (незалежная камісія пры Сусветным антыдопінгавым агенцтве заявіла пра існаванне ў Расіі маштабнай допінгавай праграмы, што ў Маскве адмаўляюць). Магчымасць выступіць пад нейтральным сцягам атрымалі толькі 169 чалавек (у іх лік не трапіў шэраг вядомых спартсменаў, такіх як біятланіст Антон Шыпулін, лыжнік Сяргей Усцюгаў). У склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі і 189 афіцыйных асоб.

“Удвая складаней, калі спорт змешваецца з нейкімі відавочна неўласцівымі і чужымі для спорту падзеямі, з’явамі, наноснымі абставінамі, з палітыкай ці яшчэ чымсьці, — цытуе словы расійскага прэзідэнта сайт ria.ru. — Але ў вас і ва ўсіх аматараў спорту не павінна быць ніякіх сумненняў у тым, што Расія заўсёды будзе выступаць, і выступала, і будзе падтрымліваць ідэі чыстага спорту ва ўсіх сэнсах, ва ўсіх адносінах”.

Уладзімір Пуцін пажадаў расійскім алімпійцам, якія накіроўваюцца ў Паўднёвую Карэю, удачы, заклікаў іх не думаць пра негатыў, а засяродзіцца на спартыўнай барацьбе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі