Уладзімір Някляеў прызнаў, што ідзе ў прэзідэнты

Найбольш важным ён лічыць не свой асабісты выйгрыш, а перамогу дэмакратычнага лагера. Таму бачыць ва ўсіх іншых дэмакратычных прэтэндэнтах сваіх саюзнікаў. На сайце "Беларускія навіны" з'явіўся артыкул Уладзіміра Няклева, у якім гаворыцца што кампанія "Гавары праўду!" скіраваная на прэзідэнцкія выбары. Ускосна лідар кампаніі прызнаўся, што будзе вылучацца кандыдатам у прэзідэнты.

У каментары Еўрарадыё Някляеў адзначыў, што гэта пакуль не афіцыйная палітычная заява на вылучэнне, а яго прыватнае меркаванне грамадзяніна:

Някляеў: "Па-мойму, гэта даўно ўсе разумеюць... Проста афіцыйна я лічу, што ты ў прэзідэнцкай кампаніі - з тае пары, калі аб'яўлены выбары і ты пад гэта афіцыйна прысягаеш. Безумоўна, мы ўдзельнічаем у прэзідэнцкай кампаніі! Але гэта не ёсць афіцыйная заява. Гэта пакуль што меркаванне прыватнага грамадзяніна ў такіх варунках, якія нам прапануюць сёння для нашай дзейнасці".

Найбольш важным Някляеў лічыць не свой асабісты выйгрыш на выбарах, а перамогу дэмакратычнага лагера. Таму і бачыць ва ўсіх іншых дэмакратычных прэтэндэнтах сваіх саюзнікаў. Галоўнае, кажа, каб хутчэй вызначыць, хто менавіта будзе супрацьстаяць Лукашэнку.

Някляеў: "На гэтых выбарах супрацьстаяць аднаму прадстаўніку ўлады - гэта значыць, Лукашэнку - павінен адзін прадстаўнік апазіцыі. А хто ўжо там будзе боўтацца з боку: Гайдукевіч або хтосьці з апазіцыі (ці нібыта-апазіцыі) можа там аказацца дадаткам у гэтай пары - гэта ўжо нікога не хвалюе".

З гэтага гледзішча - яднання і перамогі - Някляеў не падтрымаў і ідэю Партыі БНФ з падпісаннем "Маніфеста аб абароне нацыянальных інтарэсаў". Маўляў, кожная дадатковая ўмова толькі ўскладняе працэс перамоваў. Пагатоў, што і сама ідэя "Маніфесту", на думку Някляева, больш падобная да піяраўскага ходу.


Фота: "Народная Воля"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі