Улады закрываюць карпункт Еўрарадыё. Што гэта азначае і што мы будзем рабіць

Улады закрываюць карпункт Еўрарадыё. Што гэта азначае і што мы будзем рабіць

Закрыццё карпункта @euroradio у Беларусі — гэта, найхутчэй, адна з частак адказу беларускіх уладаў на санкцыі з боку Еўрасаюза. Мы афіцыйна працавалі ў Мінску 11 гадоў. Тое, што ўрад закрывае карпункт менавіта цяпер, пасля ўвядзення "чацвёртага пакета" і сектаральных санкцый, — наўрад ці супадзенне.

Вядома, гэта паўплывае на нашу працу. Але не спыніць нас. З лета не працуе наш сайт euroradio.fm, з восені нашы карэспандэнты не могуць атрымаць у МЗС акрэдытацыі. Але мы працягвалі працаваць. І закрыццё карпункта прынцыпова сітуацыю не змяняе. 

Мы чакалі такога павароту падзеяў і рыхтаваліся. Не можам сказаць, што былі да канца гатовыя — ды і хіба можна да такога быць гатовым да канца? — але план ёсць, і не адзін. А таксама ёсць вялікі досвед працы на ўдалёнцы — дзякуй каранавірусу, як бы парадаксальна і іранічна гэта ні прагучала.

Натуральна, вельмі шкада, што гэта адбываецца. Не будзем геройстваваць і казаць, што Еўрарадыё сыходзіць у партызаны. Мы будзем дзейнічаць паводле працэдуры. І працягваць працаваць — у нас ёсць офіс у Варшаве, які беларускія ўлады закрыць не могуць.

Ніхто і нішто не мусіць стаяць паміж беларусамі і праўдай. Мы разам. Жыве Беларусь!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі