Улады не кажуць, дзе магілы пакараных смерцю, “каб не было вандалізму”

Улады не кажуць, дзе магілы пакараных смерцю, “каб не было вандалізму”

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу маці расстралянага Аляксандра Грунова. Вольга Грунова хоча ведаць пра дакладны час выканання смяротнага прысуду і месца пахавання сына, а беларускія ўлады ўтойваюць ад яе гэтую інфармацыю.

Нагадаем, што Гомельскі абласны суд прызнаў, што Груноў забіў сваю знаёмую Наталлю Емяльянчыкаву 20 верасня 2012 года. Прычынай агрэсіі стала крыўднае слова, якое сказала дзяўчына ў яго адрас, калі яны адпачывалі ў адной кампаніі. Крыўда ўспомнілася падчас выпадковай сустрэчы ў грамадскім транспарце. Абвінавачаны падпільнаваў студэнтку ля пад'езда яе дома і нанёс ахвяры сто два удары нажом.

11 лістапада 2014 года Вольга Грунова атрымала паведамленне пра тое, што смяротны прысуд яе сыну быў выкананы. У гэты ж дзень яна атрымала пасведчанне аб смерці сына, дзе запісана, што прысуд быў выкананы 22 кастрычніка ў Мінску.

Інтарэсы Вольгі Груновай ў Камітэце ААН па правах чалавека прадстаўляе актывіст кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Леанід Судаленка. Па яго словах, разгляд скаргі працягнецца да двух гадоў і Вольга Грунова, хутчэй за ўсё, выйграе гэты працэс.

Судаленка: “Стоадсоткава яна выйграе гэты працэс, таму што ёсць адпаведная практыка. Былі дзве беларускія справы раней у Камітэце ААН, калі маці не выдавалі целы пакараных смерцю. І Камітэт сказаў, што гэта катаванні і здзеклівае абыходжанне. Яны таксама рэкамендавалі ўраду Беларусі спыніць гэтую практыку, якая, дарэчы, існуе яшчэ з НКВД-шных часоў”.

Тым не менш, улады Беларусі не выканалі папярэдніх патрабаванняў Камітэта ААН раскрыць родным інфармацыю пра месца пахавання расстраляных. Гэтая практыка працягваецца дагэтуль, кажа Леанід Судаленка.

Перад зваротам у ААН Вольга Грунова звярталася ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля, аднак даведацца, дзе пахаваны яе сын, так і не атрымалася.

Адначасова, жанчына пры дапамозе праваабаронцы Леаніда Судаленкі падавала скаргу ў Канстытуцыйны суд Беларусі. Суд меў вырашыць, ці адпавядае Канстытуцыі і міжнародным актам артыкул 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць інфармацыю аб месцы пахавання расстраляных. Аднак і гэты зварот не даў станоўчага выніку.

Судаленка: “Яна атрымала адтуль адпіскі. Самая цікавая прыйшла ад Адміністрацыі прэзідэнта. Яны кажуць, што калі такую практыку спыніць, то будуць магчымыя акты вандалізму на гэтых магілах. То бок яны толькі “мяркуюць”. А жанчына пакутуе. Любая маці хоча ведаць, дзе пахаванае яе дзіця, незалежна ад таго, як гэтае дзіця загінула. А тут практыка не мяняецца, на жаль”.

Дарэчы, з падобнымі справамі ў ААН звярталіся ў 1999 годзе Наталля Шчадко і Марыя Стасіловіч. Жанчыны хацелі даведацца пра месца пахавання сваіх расстраляных сыноў. Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіў, што ў абодвух справах беларускія ўлады парушылі Арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Фота: gomenews.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі