Улады абяцаюць парафіянам Чырвонага касцёла часовае памяшканне для набажэнстваў

Чырвоны касцёл / catholic.by

Улады абяцаюць парафіянам Чырвонага касцёла часовае памяшканне для малітваў і захоўвання каштоўных рэчаў з храма. Адпаведнае рашэнне прыняў Мінгарвыканкам, паведамляе тэлеканал АНТ.

"Мы такія памяшканні падбяром, прапануем", — кажа намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран. Паводле яго слоў, цяпер ідзе папярэдняя ацэнка пашкоджанняў Чырвонага касцёла. Ён быў часова закрыты для вернікаў і святароў пасля інцыдэнта з узгараннем 26 верасня. Яго адключылі ад усіх камунікацый. Уласнікам касцельнага комплексу з'яўляецца дзяржаўная арганізацыя "Мінская спадчына". Ад рэлігійнай парафіі запатрабавалі вызваліць будынак ад рухомай маёмасці для правядзення рамонтных працаў.

14 кастрычніка ў Мінгарвыканкаме адбылася сустрэча "прадстаўнікоў Касцёла з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады", на якой былі зроблены спробы знайсці паразуменне ў сітуацыі з храмам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.